У Варшаве адбылася прэзентацыя сайту Palitviazni.info
У Беларускім Доме ў Варшаве 24
жніўня адбылася сустрэча, прысвечаная сітуацыі з беларускімі палітвязнямі ў
кантэксце парламенцкіх выбараў.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя сайту Palitviazni.info, якую
правялі Зміцер Салаўёў і Аляксей Трубкін з праваабарончага цэнтра "Вясна".
Сайт Palitviazni.info прысвечаны палітвязням, якія пацярпелі ад дыктатарскага
рэжыму ў Беларусі. Ініцыятыва стварэння парталу ў верасні 2011 г. належыць
праваабрончаму цэнтру "Вясна". У ліпені 2012 г. сайт быў пашыраны і
мадэрнізаваны: да беларускай дадаліся іншыя моўныя версіі (англійская, польская
і руская), на сайце своечасова абнаўляецца інфармацыя пра лёсы палітвязняў і іх
сем'яў. Называецца прычына затрымання кожнага палітычнага зняволенага, а
таксама імя і прозвішча суддзяў, якія далі вырак апазіцыянерам.
Інфармацыя аб пашырэнні парталу была накіраваная ў міжнародныя інфармацыйныя
агенцтвы і журналістам, якія цікавяцца сутацыяй палітычных зняволеных у
Беларусі. Для распаўсюду інфармацыі пра партал былі створаныя профілі ў сацыяльных
сетках Фэйсбук і Vkontakte, а таксама на Twitter. Непасрэдна звязацца з
рэдакцыяй парталу можна па электронным адрасе info@palitviazni.info.
Праект рэалізаваны ў супрацы Фундацыі развіцця дэмакратычных ініцыятыў з
праваабарончым цэнтрам "Вясна", паведамляе сайт Беларускага дома ў Варшаве.
Пасля прэзентацыі адбылася праекцыя фільма "Свечка праўды Алеся
Бяляцкага". Фільм распавядае пра жыццё і дзейнасць праваабаронцы, які па
палітычна матываваных абвінавачаннях з 4 жніўня 2011 г. утрымліваецца пад
вартай у следчым ізалятары.
Пасля прагляду фільма адбылася дыскусія з удзелам маладых дэмакратычных
актывістаў з Беларусі: Вячаслава Дзіянава, каардынатара суполкі "Рэвалюцыя
праз сацыяльныя сеткі", арганізатара летніх маўклівых пратэстаў, і Франака
Вячоркі, беларускага моладзевага лідэра і журналіста. Дыскусію мадэраваў
журналіст Лукаш Граеўскі, рэдактар парталу Eastbook.
Прэзентацыя была арганізаваная ПЦ "Вясна" і польскай Фундацыяй развіцця дэмакратычных ініцыятыў.