Мінск: інфармацыйная кампанія да выбараў – вельмі слабая
Мінскія назіральнікі адзначаюць, што ў сталіцы ў большасці раёнаў адсутнічаюць плакаты з інфармацыяй пра правядзенне выбараў, дзяржаўныя медыі таксама зрэдку паведамляюць пра выбарчую кампанію.
Па Ясенінскай выбарчай акрузе №100 толькі ў двух навучальных установах вісяць плакаты з датай правядзення выбараў – у гімназіі №61 і СШ №206. У астатніх навучальных установах акругі інфармаванне не праводзіцца. Да таго ж, абвестак няма і ў гандлёвых кропках. У выніку – выбарцы не ведаюць нават дату правядзення выбараў, не кажучы пра збор подпісаў і пікеты. Дзяржаўныя мінскія СМІ ініцыятывы не праяўляюць таксама, толькі перадрукоўваюць паведамленні БелТА. У газеце “Вячэрні Мінск” матэрыялы датычыліся ўтварэння выбарчых акругаў і ўчастковых камісіяў, у “Мінскім кур’еры” дадаткова друкаваліся пастановы Мінгарвыканкама з нагоды выбараў. Інфармацыі аб чальцах камісіі, а таксама парушэннях не падаваліся.
На сайтах адміністрацыяў раёнаў інфармацыя пададзена таксама няпоўна. Адміністрацыя Партызанскага і Завадскога раёнаў паведамляе толькі пра кантакты выбарчых камісій. А на сайтах Фрунзенскай, Цэнтральнай і Маскоўская адміністрацыяў раёнаў адсутнічаюць спісы чальцоў камісіяў, узор дакументаў для вылучэння ў выбарчыя акругі і ўчастковыя камісіі.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” пацвердзіла, што сёлетняя выбарчая кампанія праходзіць млява.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”