viasna on patreon

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Азімжон Аскараў

2012 2012-08-03T14:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/askarau_azimzhon.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

Азімжан Аскараў, кыргызскі праваабаронца ўзьбекскага паходжаньня, асуджаны на пажыццёвае зняволенне

26 траўня 2012
Бабруйск


Як быццам бы зараз згадаў я сваю паездку ў Кыргызстан, якая адбылася адразу пасьля саміту АБСЕ ў Астане, напачатку сьнежня 2010 году. І ў самой Беларусі ў той час было багата справаў. Бо гэта былі апошнія тыдні перад выбарамі. Было багата працы, зьвязанай з незалежным назіраньнем, якое мы праводзілі ў рамках грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Але так супала, што ў канцы лістападу ў Парыжы праходзіла Міжнароднае бюро FIDH, на якім я як віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека мусіў быць. Затым у Астане некалькі дзесяткаў няўрадавых арганізацыяў краінаў – удзельніц АБСЕ вырашылі правесьці сваю паралельную афіцыйнаму саміту сустрэчу. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і зноў жа ўся FIDH былі аднымі з яе ініцыятараў. Сэнс гэтай сустрэчы быў у тым, каб сьвежым вокам паглядзець на тыя абавязкі ў галіне правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў, якія панабіралі на сябе за гады існаваньня АБСЕ яе краіны-удзельніцы. Тым болей што афіцыйны саміт АБСЕ абяцаўся быць вельмі прадстаўнічым і гучным. Ідэя правядзення паралельнай нефармальнай сустрэчы НДА належала казахстанскаму праваабаронцу Яўгену Жоўцісу, які тады знаходзіўся ў зьняволеньні ў калоніі-пасяленьні. І ўжо быў падрыхтаваны даклад FIDH па выніках праваабарончай місіі, якая праходзіла ў чэрвені 2010 году, адразу пасьля міжнацыянальнага канфлікту на поўдні Кыргызстану, у Ошы, і ў якой я браў удзел. FIDH зьбіралася прэзентаваць гэты даклад у сталіцы Кыргызстану. У Бішкек зьбіралася прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен, прасілі таксама, каб туды паехаў і я як адзін з аўтараў дакладу. Тыкім чынам, у канцы лістападу 2010 году я вылецеў з Менску ў Парыж, на Міжнароднае бюро FIDH, затым адтуль праз два дні – у Астану на сустрэчу няўрадавых арганізацыяў краінаў-удзельніцаў АБСЕ, а яшчэ праз тры дні – з Астаны праз Алма-Ату ў Бішкек, бо гэта было “побач”. Дарэчы, сустрэча ў Астане, апроч фундаментальных мэтаў, мела і яшчэ адну вельмі канкрэтную – выказаць казахскім уладам свой пратэст супраць зьняволеньня Яўгена Жоўціса. Сустрэча НДА ў Астане, як мне падаецца, прайшла пасьпяхова. Імёны зьняволеных праваабаронцаў – Яўгена Жоўціса, узьбекскіх вязьняў, а таксама кыргызскага грамадзяніна і ўзьбека па нацыянальнасьці Азімжона Аскарава – гучалі там практычна ўвесь час. Даволі важнымі і поўнымі былі рэзалюцыі і пастановы, прынятыя прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Шмат таксама гаварылі пра палітычных зьняволеных з іншых краінаў. Асноўны пасыл прынятых дакументаў быў такі: у многіх краінах – удзельніцах АБСЕ пастаянна парушаюцца правы чалавека. Улады сьвядома не выконваюць узятыя на сябе абавязкі. І грамадзянская супольнасьць гэтых краінаў павінна праводзіць маніторынг выкананьня міжнародных пагадненьняў у галіне правоў чалавека, а таксама актыўна дабівацца іхняга выкананьня.

Пры адлёце з Астаны надвор’е рэзка зьмянілася. Два дні перад гэтым у горадзе ішоў сьцюдзёны, позьнявосеньскі дождж, ён падаў яшчэ і з раніцы ў дзень ад’езду, а ўвечары, калі мы садзіліся ў самалёт, па аэрадромным бетонным полі мяла сухая халодная мяцеліца і хвалі-зьмеі сухога сьнегу імгненна замяталі аэрапорт.

У будынку ж аэрапорта пры пашпартным кантролі са мной адбыўся дзіўны выпадак. Ужо паставіўшы штэмпель мне ў пашпарт, памежнік выйшаў з кабінкі і папрасіў перадаць у Менск, ягоным сваякам, агародніннае насеньне. Поштаю доўга і дорага – угаворваў ён мяне. Я, вядома ж, адмовіўся. Зразумела, якое “насеньне” возяць з тых краёў. Застаецца толькі гадаць, чыя гэта была ініцыятыва.

Ну а што было далей, напішу ў наступным лісьце.  

-----------

 

28 траўня 2012
Бабруйск


Працягваю свой аповяд пра Азімжона Аскарава.

Дык вось. У Бішкек мы з Ванэсай, супрацоўніцай парыжскага выканаўчага бюро FIDH, прыляцелі, як я ужо пісаў, напачатку сьнежня з Астаны праз Алма-Ату. У Астане, калі мы выляталі, было дзесьці мінус дзесяць. У Алма-Аце, якая знаходзіцца паўднёвей і жывапісна размешчана ля высокіх засьнежаных храбтоў Алатау (здаецца, так называюцца гэтыя прыгожыя вялізныя горы), быў невялікі плюс. А калі прыляцелі ў Бішкек, ад Алма-Аты гэта меньш за гадзіну лёту, але праз горны храбет, то там ужо было плюс дзесяць, яшчэ стаяла позьняя спакойная восень. На наступныя суткі ў Бішкек з Парыжу мусіла прыляцець прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен. Бішкек быў паспакайнелы і палагаднелы. Ён быў зусім не падобны на той чэрвеньскі Бішкек, напоўнены трывожнымі чуткамі і містычным страхам, які апаноўвае прыфрантавыя гарады. У горадзе было шмат вайскоўцаў, у Ош адляталі вайсковыя транспартныя самалёты з ветэранамі-афганцамі, якія пайшлі ў апалчэньне, назад яны прывозілі параненых, жанчынаў і дзяцей.

Прызнаюся, што я люблю Бішкек, гэта былы фарпост расійскіх каланіяльных войскаў у кыргызскіх стэпах і перадгор’ях, які затым стаў правінцыйнай сталіцай савецкай Кіргізіі, і цяпер, займеўшы прэзідэнцкі палац і гатэль “Хаят”, паступова перамяняецца ў сталіцу незалежнай дзяржавы. Прызнаюся таксама, што я ўпадабаў кыргызскі народ. Ціхія і спакойныя кыргызы, амаль зрусіфікаваныя за саветамі, нагадваюць мне беларусаў. Гэтыя ўсьмешлівыя і мілыя дзяўчаты з бліскучымі чорнымі раскасымі вачамі і лёгкім румянцам на смуглявай скуры. Гэтыя хлопцы, пасеўшыя ў кола проста на сталічных газонах, штосьці абмяркоўваючыя і сплёўваючыя карычневы насвай. Гэтыя старэйшыя кабеты ў доўгіх глухіх сукенках і вялікіх хустках, гэтыя дзядзькі і дзяды, у цывільных гарнітурах і ў высокіх белых святочна разшытых калпаках. Але яшчэ сто гадоў таму гэта быў спрэс качавы народ, які ня меў ні гарадоў ні вёсак і жыцьцё якога заключалася ў бясконцай вандроўцы. Сталымі і нерухомымі ў іх былі толькі могілкі. І ў гэтым – карэннае адрозьненьне кыргызаў ад беларусаў. Неўтаймаваную прагу да волі кыргызаў-качэўнікаў не змаглі закілзаць ні царскія ўлады, ні саветы. І калі яна прабіваецца напаверх, тады разьлятаюцца агароджы, ірвуцца путы і кыргызаў не спыніць.

Я меў час адаспацца пасьля Астаны. Затым мы сустрэлі Суэр, якая прыляцела ўначы, а на наступны дзень ужо зранку пайшлі сустрэчы з кіргізскімі праваабаронцамі, затым была прэс-канферэнцыя, дзе мы прадставілі свой даклад, які быў адным з першых падрыхтаваных міжнародных дакументаў. У гэты ж дзень, пасьля абеду, у нас была запланаваная сустрэча з вязьнем праваабаронцам Азімжонам Аскаравым, які быў асуджаны пажыцьцёва і знаходзіўся ў зоне ў Бішкеку, у турэмнай бальніцы.  

І тут, мабыць, трэба троху распавесьці пра наш даклад. Зьяўленьне ягонае было нечаканым. І адразу планаваўся зусім іншы даклад, мы зьбіраліся пісаць пра красавіцкія падзеі 2010 году ў Кыргызстане, якія прывялі да сутычак паміж войскам, міліцыяй і народам, і, урэшце, да зусім нечаканай зьмены ўлады. Тады падчас штурму прэзідэнцкага палацу загінула амаль сто чалавек. Было шмат пытаньняў, на якія мы спадзяваліся знайсьці адказы. Але ў той час, пакуль рыхтавалася місія і шукаліся грошы на нашую паездку, выбухнуў міжнацыянальны канфлікт на поўдні Кыргызстана, у Ошы, Джалал-Абадзе, дробных раённых гарадах, дзе разам з кыргызамі жылі і ўзьбекі. Мы вырашылі не адмяняць сваю місію, але тэматыка нашых дасьледваньняў і будучага дакладу цалкам зьмянілася. У сярэдзіне чэрвеня ў Бішкек мы прыляцелі ўтрох: француз, рускі і беларус. Каманда нашая была рознабаковая: француз быў навукоўцам, расіянін быў юрыстам-міжнароднікам, а я – чыстым праваабаронцам. Прапрацаваўшы разам у Бішкеку пару дзён, падчас якіх мы сустракаліся і з амбудсмэнам па правах чалавека, і з рознымі няўрадавымі арганізацыямі, і з ветэранамі воінамі-афганцамі, і з прадстаўнікамі палітычных партыяў, затым мы падзяліліся. Мае малодшыя калегі засталіся ў Бішкеку, а я выбраўся ў эпіцэнтр толькі як затухшага канфлікту, у Ош.

Я не буду зараз падрабязна распавядаць пра вытокі і акалічнасьці гэтага канфлікту, скажу толькі тое, што ён мае гістарычныя карані. Дваццаць год перад гэтым, яшчэ пры Саюзе, там ужо выбухала. Недахоп зямлі, бяднота, адсутнасьць працы, адсутнасьць рэальных праграмаў па сумесным пражываньні, і ўсё гэта наклалася на нестабільную палітычную сітуацыю ў Кыргызстане, зьвязаную з красавіцкімі падзеямі і зьменай улады. Палітычная актыўнасьць узьбекаў на поўдні палохала кіргізскія ўлады, якія асьцерагаліся развалу краіны, бяднейшыя кыргызскія гарадкі і аілы зайздросьцілі адносна багатым Ошу і Джалал-Аабаду, дзе дробная прамысловасьць, гандаль у асноўным належалі ўзьбекам. Кажуць, што да гэтага выбуху міжусобіцы і ўзаемнай нянавісьці мела і жаданьне адных перахапіць наркатрафік, які ішоў з Узьбекістану, Таджыкістану і Афганістану праз Кіргізію і Казахстан у Расію і далей, у Еўропу. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. Бо ляхнула з-за звычайнай бытавой бойкі паміж моладдзю, якая імгненна перарасла ў міжнацыянальныя сутыкненьні па ўсім поўдні з усімі жахлівымі наступствамі, якія не паддаюцца апісаньню. Жыўцом гарэлі людзі, гвалт і сьмерць залілі рэгіён. Зброі ў кіргізскага насельніцтва было болей. Выглядае, што ім дапамагла армія і паліцыя ў асноўным кыргызская, монаэтнічная, па сваім складзе. Таму узьбекі пацярпелі больш.

Ну вось, у наступным лісьце працягну сваю сумную гісторыю пра Аскарава.

-----------


28 траўня 2012
Бабруйск
 

 

Я прыляцеў у Ош з Бішкеку на старым АНе, дапатопным вінтавым самалёціку - такім старым, што ў яго на ілюмінатарах былі яшчэ не заслонкі, а фіранкі. Ош ад Бішкеку аддзяляюць горы. Дарога на машыне ідзе праз перавал і займае ўвесь дзень. Калі мы выйшлі з самалёту, то ў наступнага самалёту, які прызямляўся ўсьлед за намі, з матораў валіў страшны чорны дым (ён паласой цягнуўся за самалётам, як быццам бы той падбілі), то я падумаў, што нашая старая развалюха яшчэ не самы горшы варыянт. Аэрапорт быў блакіраваны вайскоўцамі. Было горача. Яны хадзілі ў расшпіленых гімнасьцёрках, у касках, ссунутых набакір, з аўтаматамі, якія боўталіся на баку і ў прыспушчаных, адцягнутых падсумкамі з аўтаматнымі магазінамі папругах. На выезьдзе з аэрапорту ляжалі бетонныя блокі, мяхі з пяском і стаяў браніраваны цягач з буйнакаліберным кулямётам, эмтээлбэшка, на якой яшчэ мне ў 80-ыя гадыдавялося служыць у войску.

Сустрэла мяне мая старая знаёмая, Талекан Ісмаілава, кіраўнічка кыргызскай праваабарончай арганізацыі “Грамадзяне супраць карупцыі”. Мы разьмясьціліся ў прыватным гатэльчыку, які належаў кыргызскай сям’і. Вады ў гэты дзень у гатэлі не было. У вадасховішчы, дзе горад бярэ ваду, адкрылі шлюзы, спусьцілі ваду і дастаюць трупы загінулых людзей, як патлумачыла гаспадыня - вада будзе заўтра. Літаральна праз гадзіну мяне завезьлі на мясцовыя могілкі, якія знаходзіліся на краю жылога кварталу, заселенага ўзьбекамі, так званага махаля. Там улады праводзілі экзгумацыю безыменных магілаў, дзе былі пахаваныя загінулыя падчас сутычак людзі. Безыменныя капцы, а іх было тры ці чатыры, раскопвалі жаўнераў. Журналістаў і цывільных на могілкі не пускалі. Але пахаваньні былі недалёка ад бетоннага плоту могілак, і ўзьлезшы на купу зямлі, з вуліцы можна было бачыць, што там робіцца. Тэмпература была за трыццаць гарачыні. У паветры стаяў нясьцерпны трупны пах, які ўсё ўзмацняўся. Вось, пад рукі вывелі аднаго з раскопшчыкаў, яму стала блага, ён абапёрся на бетонны слуп і яго зблажыла. Затым з могілак выехала невялікая вайсковая машына з брэзентавым верхам, у яе навалам згрузілі трупы, і паехала некуды на судмедэкспертызу. Усяго з магілак дасталі ці ня дзевяць загінулых жанчынаў. Гэта былі ўзьбечкі. Назаўтра, нам распавялі, іх прывезьлі і закапалі назад. Сваякі не адгукнуліся, іх не апазналі. Большая частка ўзьбекаў з Ошу яшчэ былі ў лагерах бежанцаў ці на тэрыторыі Узьбекістану, да якога ад Ошу не так далёка, ці ў іншых узьбекскіх гарадах і махалях. Да канца дня з мяне ніяк не выветрываўся трупны пах. У наступны дзень мы паехалі ў горад. Ён выглядаў як пасьля вайны. Людзей на вуліцах не было. Былі выпаленыя цэлыя кварталы дамоў, махалі, дзе жылі ўзьбекі. Вузкія бакавыя вулкі былі заваленыя сьпілаванымі дрэвамі, перакуленымі машынамі, розным друзам. Такім чынам жыхары-ўзьбекі перашкаджалі праходу вайсковых бронетранспарцёраў углыб махалёў. На ўзьбекскіх дамах, крамах, кавярнях фарбаю былі намаляваныя вялікія літары SOS. А на кыргызскіх: кыргыз. Мы напаткалі ўзьбекскую сям’ю, якая на папялішчы свайго дому забірала недагарэлыя косткі дзьвюх сваіх родных жанчын. У кацялок складвалі кавалкі чэрапу, зубы і дробныя костачкі. Сцэнар зьнішчэньня, як нам распавялі пагарэльцы, быў прыкладна аднолькавы. На вуліцу ўязджаў бронетранспарцёр, з якога па дамах бесперапынна страляў кулямёт, а за ім ішоў узброены аўтаматамі, іншай стралковай зброяю цывільны натоўп, у асноўным моладзь. Яны білі, гвалтавалі, забівалі, выносілі з дамоў усю вартую маёмасьць, а затым іх палілі. Варожасьць была абаюднай. Палілі і дамы кіргізаў, якія стаялі ў атачэньні махалёў. Суседзі, якія жылі дзесяцігоддзямі побач, быццам бы павар’яцелі. Але былі і іншыя выпадкі. Ляпёшкаю ў сваім доме частавала нас старая кыргызка, якая схавала ў сябе суседскія сем’і узьбекаў, усяго больш за 50 чалавек, і не пусьціла раз’ятраных, ап’янелых ад крыві пагромшчыкаў на парог свайго дому.

Усе ўцалелыя ў горадзе кавяранькі былі зачынныя, і нас кармілі ва ўзьбекскіх і кыргызскіх дамах чым маглі, бо і большасьць крамаў не працавала таксама. Увечары гаспадыня гатэльчыку прыгатавала нам вячэру. Мы вячэралі моўчкі, прыдаўленыя гнётам убачанага і пачутага, у горадзе зрэдку, у вячэрняй цішы, было чуваць стрэлы.

На наступны дзень у нас была сустрэча з прадстаўнікамі ошскіх няўрадавых арганізацыяў. Здавалася, што яны самі ня верылі ў тое, што адбылося ў Ошы за апошнія два тыдні. У некаторых з іх загінулі сваякі, некаторыя самі выратаваліся цудам. Сабраліся ў асноўным жанчыны. Мужчыны яшчэ асцерагаліся паказвацца на вуліцах і сядзелі ў сховах. Яны абмяркоўвалі, што ў першую чаргу няўрадавыя арганізацыі могуць зрабіць дзеля бежанцаў. Затым мы езьдзілі ў прыошскія аілы. І ў адным з іх, пакуль мы сядзелі і размаўлялі з старэйшымі кыргызамі, пілі зялёную гарбату і шчыкалі ляпёшкі, нам у машыне пашкодзілі пракрутку кола. І яно адляцела, калі мы ўжо выехалі з горнага серпанціну на роўную дарогу ў даліну. Выглядала, што кола адкруцілі дзеля адважных кыргызак Талекан і Азізы. Гэта яны прыляцелі ў Ош яшчэ ў разгар сутыкненняў на вайсковым транспартным самалёце. Гэта яны першыя дамаўляліся на правоз у асаджаныя махалі хлеба і вады. Гэта яны, дазваніўшыся да прэзідэнта Розы Атунбаевай, спынілі пацыфікацыю аднаго з махалёў, падчас якой вайскоўцы пачалі страляць па жыхарах, забіўшы і параніўшы некалькі чалавек. Я дзівіўся і захапляўся сьмеласьцю гэтых жанчынаў, якія рызыкавалі ўласным жыцьцём. Вось ім і спрабавалі арганізаваць “няшчасны выпадак”. А мы з расійскай журналісткаю Аксанай Чэлышавай ужо апынуліся ў машыне заадно. Да ўсяго, увечары мы сустракаліся з узьбечкаю, якую згвалтавалі паліцыянты. Яна была ва ўтрапеньні, плакала і енчыла, побач ляжаў зьбіты да непрытомнасьці яе родны брат, маці з вялізным сіняком на бядры ад аўтамата, моўчкі сядзелі яе сын і дачка. А яна праз енкі і плач распавядала нам, як усё адбылося. І вось тады я адчуў поўнае сваё бязьсільле. Ціха плакала Талекан і супакойвала згвалтаваную узьбечку, гладзячы яе па галаве. А назаўтра Талекан і Азізу выклікалі ў абласную пракуратуру, разьвялі па розных кабінетах і ўчынілі ім допыт. Мы з Аксанаю названьвалі па тэлефонах у Маскву і Парыж. Як распавяла потым Талекан, мабыць, нашая прысутнасьць, тэлефанаваньне і тое, што інфармацыя аб допыце імгненна зьявілася на сайтах, прыпыніла намер пракурорскіх супрацоўнікаў арыштаваць жанчын-праваабаронцаў. Вось з такім грузам убачанага і пачутага я вярнуўся ў Бішкек. Зразумелыя былі і высновы падрыхтаванага намі дакладу. Яны былі несуцяшальнымі для кыргызкіх уладаў. І адна з рэкамендацыяў, на якой мы настойвалі, была – вызваліць неабгрунтавана затрыманых грамадзянаў, у асноўным узьбекскай нацыянальнасьці, і спаміж іх – праваабаронцу, калегу Талекан Ісмаілавай па працы ў праваабарончай арганізацыі “Грамадзяне супраць карупцыі”, узьбека Азімжона Аскарава.

Ну вось, я ўсё бліжэй падбіраюся да нашага наведваньня Азімжона.

-----------


31 траўня 2012 г.
Бабруйск
 

 

Я даволі доўга і падрабязна ў папярэдніх лістах апісваў, што адбылося на поўдні Кыргызстану ў чэрвені 2010 году і які даклад мы прывезьлі ў Бішкек у сьнежні таго ж году, каб ты троху адчула тую атмасферу, якая панавала тады ў Кыргызстане.

Азімжон Аскараў – праваабаронца з невялікага паўднёвага гарадку Базар-Каргана, яму было ўжо за 60 гадоў. Ён сябра рэгіянальнага аддзяленьня праваабарончай арганізацыі Талекан “Грамадзяне супраць карупцыі”, і, адпаведна, як мясцовы праваабаронца, змагаўся-даставаў мясцовыя ўлады Базар-Каргану з прычыны гэтай самай карупцыі ды іншых непарадкаў, якіх у правінцыі хапае. Звычайна хадзіў ён з нататнікам, фотаздымачом і дыктафонам, пісаў шмат скаргаў, зваротаў, допісаў. Ёсьць і ў нас у Беларусі такія няўрымсьлівыя праваабаронцы, да якіх жыхары зьвяртаюцца з розных прычыныў і на якіх улады і праваахоўнікі за гады іхняй актыўнасьці маюць зуб. Трэба дадаць, што жыхары ў Базар-Каргане пераважна былі ўзьбекамі, а адміністрацыя і паліцыя – у асноўным былі кыргызы. І калі пачаліся міжнацыянальныя сутычкі ў чэрвені, начальніка раённай міліцыі замардаваў разьюшаны натоўп. Пахапалі мяркуемых злачынцаў, а зааднае і Азімжона Аскарава, які, дарэчы, пісьмова перад гэтым папярэджваў улады пра эскалацыю напружанасці ў стасунках паміж кыргызамі і узьбекамі і прасіў прыняць меры, якія перадухілілі б выбух. Яго, які бегаў па Базар-Каргану і здымаў на фотаздымач, як палаюць-гараць дамы ўзьбекаў, абвінавацілі ва ўдзеле ў забойстве міліцыянта і ў завадатарстве ў крывавых сутыкненьнях, у распальваньні міжнацыянальнай розьні і арганізацыі масавых беспарадскаў. Сьведкі “знайшліся” з кыргызаў-паліцыянтаў. У выніку суду яго асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня. Такім чынам мясцовыя ўлады вырашылі прыбраць няўрымсьлівага праваабаронцу. Талекан дабілася нашай сустрэчы з ім. Прычым мы прасілі, каб гэтая сустрэча адбывалася перад нашай наступнаю сустрэчаю ў адміністрацыі кыргызскага прэзідэнта, дзе мы мусілі прэзентаваць свой даклад. І вось мы ехалі ў таксоўцы: прэзідэнт FIDH Суэр, я, Ванэса і юрыстка з арганізацыі Талекан Аіда, у турму, на сустрэчу з Азімжонам. Па дарозе ў Суэр зазваніў тэлефон. Яна пачала слухаць, загаварыла па-французску, на вачах у яе зьявіліся сьлёзы. Спахмурнелая Ванэса сказала нам, што званілі з радзімы Суэр, з Тунісу, ёй паведамілі, што ў яе толькі што памёр бацька.

Машына ехала ў турму. Мы ўсе маўчалі. Суэр моўчкі выцірала сьлёзы, сустрэчу не адмянілі. На яе мы пайшлі ўсе ўчатырох. Спатканьне праходзіла ў кабінеце ў начальніка турмы. Кабінет быў зроблены ў старыя савецкія часы ды такім і застаўся: вялікі літарай “тэ” стол, шафа ў сьветлай фаніроўцы “пад сасну”. Адзінае, што замест чырвонага сэсэсэраўскага сьцягу зараз вісеў кыргызскі сьцяг і герб. У кабінеце сьмярдзела застарэлым папіросным дымам. Такі пах сустракаецца яшчэ ў танных гатэлях, дзе ў нумарах дазваляюць паліць. Начальнік турмы выслухаў нашыя прадстаўленьні, затым прадставіўся сам і паведаміў, што ягоная задача тут – ахоўваць асуджаных і забясьпечваць ім умовы ўтрыманьня: разьмяшчэньне, харчаваньне, медыцынскую дапамогу. І ўсё. А ўсё астатняе – абвінавачваньні, прысуды, выракі, абскаржваньні – гэта справа пракуратуры, суду і саміх зьняволеных. І ўсе зьняволеныя для яго аднолькавыя. Мы выслухалі яго і заківалі галовамі: так, так і павінна быць. Затым увайшоў Азімжон Аскараў – худы, апрануты ў робу, коратка падстрыжаны, з чорнымі, выразнымі, бліскучымі вачыма. Падхапілася з крэсла Аіда, яны абодва паглядзелі на начальніка турмы, той згодна кіўнуў галавою, і яны кінуліся ў абдымкі адзін аднаму. Яны стаялі, абняўшыся, узьбек і кыргызска, і гучна плакалі, не хаваючы, не могучы стрымаць ні плачу ні сьлёз. Плакала сядзела Суэр, на якую так нечакана навалілася яшчэ і асабістае гора, выціралі сьлёзы і мы з Ванэсаю, бо глядзець на ўсё гэта без сьлёз было проста немагчыма.      

-----------

31 траўня 2012
Бабруйск

 

Працягваю свой расповяд. А спыніўся я на тым, што пры сустрэчы з Азімжонам Аскаравым у кабінеце начальніка калоніі ўсе плакалі. Адзін начальнік калоніі сядзеў з тварам азіяцкага тысячагадовага сфінкса, на якім нічога не адбівалася. Я ўбачыў, што жанчыны былі ня ў стане гаварыць, і першым пачаў гутарку з Азімжонам. Пытаньні былі банальнымі і традыцыйнымі. Зараз я дзесяткі і сотні разоў пачуў іх у свой бок, а тады задаваў сам: “Як Вашае здароўе, Азімжон? Як Вы пачуваецеся? Што Вам патрэбна?” Са здароўем у гэтай турме-шпіталі ў яго было лепей. Прынамсі тут ён мог ужо схадзіць у прыбіральню. Ён сам пачаў распавядаць пра тое, як тады, у дзень затрыманьня, бегаў па Базар-Каргану, здымаў палаючыя дамы ўзьбекаў і як затым яго затрымалі паліцыянты, якіх ён перад гэтым пастаянна крытыкаваў за ўжываньне гвалту да затрыманых, і як яго зьбівалі амаль без перапынку на працягу сутак, патрабуючы прызнаньня ў арганізацыі забойства паліцыянта. Ён вытрымліваў, упарта не прызнаваўся. Тады яму сказалі, што зараз паедуць да яго дахаты, прывязуць ягоную жонку і будуць гвалтаваць у яго на вачах. І яны паехалі забіраць ягоную жонку. Ён сказаў, што ў тую хвіліну быў гатовы падпісаць што заўгодна, толькі б не дапусьціць гэтага. Але літаральна за пару гадзінаў перад прыездам паліцыянтаў ягоную жонку вывезьлі і схавалі кыргызскія праваабаронцы. Паліцыянты вярнуліся з пустымі рукамі і працягнулі катаваць Азімжона. Яго білі тры дні. Ён так і не падпісаў прызнальныя паказаньні. Затым яго адправілі ў турму ў іншы горад, у Таш-Кумыр, а затым у Наакен. Там яго ўжо не зьбівалі. Хапала для гэтага сярод затрыманых больш маладых і здаравейшых узьбекаў. У Азімжона ад пабояў і нярвовага стрэсу перастаў працаваць кішэчнік. І яго выратавалі ад сьмерці ўжо ў гэтым турэмным шпіталі. “Дзе Вашая жонка зараз, - спытаўся я, - у бясьпецы?” “Так, - заківаў ён галавою, - яна ва Узьбекістане”. “Што Вам патрэбна, Азімжон?” – спытаўся я ў яго. “Газеты і папера для маляваньня”, - адказаў ён. Аіда паабяцала перадаць паперу і фарбы літаральна заўтра. Азімжон тут пастаянна малюе, і калегі-праваабаронцы перадаюць яму паперу ўжо ня першы раз. Мы прагаварылі з Азімжонам больш за гадзіну. Я яму распавёў пра кангрэс няўрадавых арганізацыяў у Астане: пра тое, што пытаньне пра ягонае вызваленьне набыло міжнародны рэзананс. “Вы глядзіце сябе, - казаў я яму, - трымайцеся, моцна не хвалюйцеся, а мы даб’емся Вашага вызваленьня”. Але лёс распарадзіўся так, што праз восем месяцаў я ўжо сам апынуўся ў турме і кыргызскія праваабаронцы, мае шаноўныя каляжанкі і сяброўкі Талекан, Аіда, Азіза пікетавалі каля беларускай амбасады ў Бішкеку з патрабаваньнем вызваліць мяне.

У гэты ж дзень Суэр уначы паляцела ў Туніс на пахаваньне бацькі, а я мусіў прадстаўляць наш даклад у адміністрацыі кыргызскага прэзідэнта адзін. На гэтую сустрэчу прыйшоў кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта і шасьцёра загадчыкаў аддзелаў. Таксама была адзіная жанчына – загадчыца аддзелу з МЗСу. Я ім роўным голасам выклаў вынікі нашай місіі, высновы і рэкамендацыі. Асобна, ад імя FIDH, запатрабаваў вызваленьня Азімжона Аскарава. “Такімі пытаньнямі ў нас займаецца незалежны суд, у дадзеным выпадку касацыйную скаргу Аскарава разглядае Вярхоўны суд”, - адказаў кіраўнік адміністрацыі. Тут у кабінеце адчыніліся дзверы і зайшоў амбудсмэн па правах чалавека. Не пасьпеўшы сесьці, ён абвясьціў, што асабіста займаўся справай Аскарава і перакананы, што той невінаваты. Загадчыкі аддзелаў скрушна ўздыхнулі, я не выказаў ніякіх эмоцыяў. Іх у мяне проста не было.

З Азімжонам Аскаравым я сустрэўся яшчэ раз завочна ў кастрычніку 2011 года на міжнародным фестывалі праваабарончых фільмаў у Бішкеку, дзе нам з ім, і яшчэ казахстанскаму праваабаронцу-вязьню Яўгену Жоўцісу ўручылі, зразумела што завочна, праваабарончыя дыпломы.

А пра Яўгена Жоўціса я напішу ў наступным лісьце.


* Лісты да публікацыі падрыхтавала іх адрасатка Ірына Пракопчык
        

 Чытайце таксама:  

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага:  Яўген Жоўціс

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Натальля Эсцемірава 

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Алег Арлоў

 

 



 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства