viasna on patreon

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Яўген Жоўціс

2012 2012-08-03T18:45:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhoucis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Яўген Жоўціс, дырэктар Казахстанскага бюро па правах чалавека

Праваабаронца Яўген Жоўціс, дырэктар Казахстанскага бюро па правах чалавека

1 чэрвеня 2012
Бабруйск

Як я ўжо пісаў, у кастрычніку  2011 года ў Бішкеку на міжнародным праваабарончым кінафестывалі дыпломы “выпісалі” тром сядзельцам. Азімжону Аскараву, мне і Яўгену Жоўцісу.

Яўген Жоўціс – праваабаронца з Казахстану, кіраўнік Казахстанскага бюро па правах чалавека, найбуйнейшай у гэтай краіне праваабарончай арганізацыі. Так атрымалася, што ў 2009-м годзе ён, ехаўшы на машыне ноччу на трасе зьбіў насьмерць чалавека. Улады скарысталі гэта і засадзілі яго на чатыры гады ў калонію-пасяленьне ў Усьць-Каменагорску на поўначы Казахстану. Нягледзячы на тое, што як правіла, у падобных выпадках пакараньне ў адносінах да іншых правапарушальнікаў было лягчэйшым. Наш калега Валянцін Стэфановіч назваў падобную сітуацыю, калі за нейкае парушэньне ўлады максімальна строга караюць грамадзкіх актывістаў, “эфектам Жоўціса”. Узьнялася міжнародная кампанія ў абарону Яўгена Жоўціса, бо сядзелася яму даволі цяжка. Яму было ўжо за 50 узросту, ён у суровым па клімаце Усьць-Каменагорску першыя месяцы сваёй адсідкі сур’ёзна хварэў, працаваць у горад, як іншых пасяленцаў, яго не адпускалі. Вакол яго была створана напружаная атмасьфера, не ўся інфармацыя выходзіла і даходзіла да яго. У чэрвені 2010 году, быўшы ў Бішкеку і Ошы, я “па дарозе” меў даручэньне, ініцыяванае мною ж самім, заехаць да Яўгена Жоўціса ў адведкі. Шлях мой ляжаў праз Алма-Ату, дзе я сустрэўся з юрыстам ягонай арганізацыі. Яны рабілі мне дазвол на сустрэчу. Калі я быў у Алма-Аце, дазволу яшчэ не было. Аднак я ўсё-роўна вырашыў не марудзіць, а браць квіткі ў Усьць-Каменагорск і назад. Праваабарончая арганізацыя Яўгена Жоўціса дзейнічала легальна, яны працавалі як з бежанцамі, мігрантамі, так і ў казахстанскім парламенце, лабіруючы ўключэньне міжнародных праваабарончых нормаў ва ўнутранае заканадаўства. Улады з імі лічыліся, Жоўціса прымалі ў рознага узроўню ўладных кабінетах, але, калі надарылася магчымасьць, з ціхім задавальненьнем сплавілі яго ў глухую паўночную правінцыю, падалей з вачэй. Тым ня меньш, арганізацыя ягоная не спыніла працу і працягвала дзейнічаць далей.

Алма-Ата ляжыць у жывапісных засьнежаных нават летам прадгор’ях. Гэтая блізкасьць да гораў стварае мяккі мікраклімат, не падобны да рэзкага кантынентальнага, характэрнага для агромністага пустынна-стэпавага Казахстану. Асабліва прыгожа Алма-Ата выглядае пры ўзьлёце і пасадцы на самалёце. Як і Бішкек, горад быў пабудаваны расійскімі акупацыйнымі ўладамі для кіраваньня падбітымі казахамі. Самалётам я прыляцеў у Усьць-Каменагорск. Пад намі раскінуўся плоскі, як стол, жоўты, пустынны стэп з рэдкімі лінзамі салёных азёраў і нячастымі павуцінкамі дарог. Бліжэй да Усьць-Каменагорску з самалёту заўважныя былі іншыя краявіды. Зямля пазелянела, у шырокіх лагчынах засерабрыліся рэкі, на грывах халмоў зачарнеўся лес. Гэта быў паўночны Казахстан, ужо недалёкі ад расійскага Уралу. Праз горад працякае паўнаводны прыгожы Іртыш. Цэнтр гораду сфармаваны вакол вялізных заводаў, якія некалі былі пабудаваныя сасланымі і зэкамі. Такая планіроўка “горада-зоны” засталася і дасюль.

Затым у мяне была сустрэча ў калоніі з Яўгенам Жоўцісам. Ён схуднеў і памаладзеў. Трымаўся бадзёра, распавядаў, што ў горад яго па-ранейшаму не адпускаюць, але далі магчымасьць працаваць на кампутары. Ён займаўся ўдасканаленьнем крымінальна-выканаўчага кодэксу. Зараз я яго вельмі і вельмі разумею. З намі падчас размовы ўвесь час прысутнічала маладая лейтэнантка. Я паведаміў Яўгену, што Нарвежскі Хельсінкскі Камітэт узнагародзіў яго праваабарончай прэміяй імя Андрэя Сахарава, намінантам якой я быў у 2006-м годзе. Размова нашая доўжылася каля дзвюх гадзінаў. Асноўную мэту – маральна падтрымаць Жоўціса і паказаць адміністрацыі калоніі, што пра Яўгена клапоцяцца і за межамі Казахстану, - падаецца, я выканаў. Для мяне асабіста важна было чыста па-чалавечы падтрымаць яго. Значыць, было нейкае неўсьвядомленае прадчуваньне, што крыху болей як праз год такая падтрымка спатрэбіцца і ўжо будзе аказвацца мне самому…

Ізноў у думках я вяртаюся да гэтага міжнароднага праваабарончага фестывалю ў кастрычніку 2011 году, дзе арганізатары ў сваіх згадках і праз дыпломы ўганаравалі-аб’ядналі нас трох: Азімжона Аскарава, Алеся Бяляцкага і Яўгена Жоўціса, трох праваабаронцаў з Кыргызстану, Беларусі і Казахстану. З былых постсавецкіх рэспублік, якія ніяк не могуць развітацца з праблемамі, якія пазаставаліся са змрочнай спадчыны агульнай для нас некалі імперыі – Савецкага Саюзу. Плынь жыцьця бязьлітасна паставіла нас у рознай цяжкасьці і важнасьці драматычныя сітуацыі. Азімжон – народны праваабаронца з дыктафонам і фотаздымачом у руках, я, які з 2003-га году працаваў фактычна па-за законам, а з 2006-га году пад пагрозаю і крымінальнага персьледу, і Яўген, арганізацыя якога падчас ягонай адсідкі праводзіла навучальныя семінары для супрацоўнікаў сістэмы пакараньняў, -мы былі аб’яднаныя як праз сваю дзейнасьць, так і праз пакараньне, якое адмералі нам улады ўжо сувярэнных краінаў. У нас аднялі тое, за што мы па-рознаму і аднолькава змагаліся ў сваёй паўсядзённай барацьбе, у нас аднялі тое, што мы цэнім найбольш, найвышэй за ўсё – волю. Ці сталі мы ад гэтага больш залежнымі і меньш вольнымі? Ня ведаю. Мабыць больш дакладна я змагу адказаць пасьля адсідкі.

Гаворачы пра Азімжона і Яўгена, пішучы пра іх, увесь час у мяне ў галаве круціцца яшчэ адное імя, увесь час я ўспамінаю яшчэ аднаго чалавека. Гэта – Натальля Эсьцемірава. Але пра яе я напішу ў наступным лісьце.

* Лісты да публікацыі падрыхтавала іх адрасатка Ірына Пракопчык

Чытайце таксама:

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Азімжон Аскараў

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Натальля Эсцемірава

Сустрэчы салідарнасьці Алеся Бяляцкага: Алег Арлоў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства