Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”
2 кастрычніка на ўрачыстай цырымоніі закрыцця V Міжнароднага фестывалю праваабарончых фільмаў у Бішкеку старшыня ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”.
Узнагароду праваабаронцу, які па палітычна матываваных прычынах утрымліваецца пад вартай, арганізатары фестывалю перадаюць праз сябру міжнароднага журы з Беларусі Паліну Сцепаненка.
У знак праваабарончай салідарнасці сёння ў кінатэатры “Манас” удзельнікам і гледачам фестывалю была прэзентавана дакументальная стужка пра асобу і дзейнасць гэтага выбітнага чалавека - “Свечка праўды Алеся Бяляцкага”, сцэнарыстам якой з’яўляецца Паліна Сцепаненка.
V Міжнародны фестываль дакументальных фільмаў па правах чалавека "Бир Дуйно Кыргызстан" праходзіў у Бішкеку з 27 верасня па 2 кастрычніка. Арганізатарам выступіў праваабарончы цэнтр "Грамадзяне супраць карупцыі" пры падтрымцы міжнародных арганізацый. У праграме фестывалю дэманстраваліся 29 фільмаў з 16 краінаў свету па тэмах: "Герой нашага часу / Кіргізскі вобраз міру", "Улада, грамадства, закон, карупцыя", "Правы дзяцей і моладзі", "Правы чалавека ў перыяд папярэдняга заключэння пад варту", "Выратуй і захавай", "Правы жанчын".