Салігорск: Забарона велапрабегу абскарджваецца ў Мінскім абласным судзе
Салігорскі маладафронтавец Андрэй Тычына накіраваў скаргу на забарону масавага мерапрыемства ў выглядзе велапрабегу ў Мінскі абласны суд.
Нагадаем, 8-га мая маладзён звярнуўся ў Салігорскі выканкам з заявай на правядзенне ў Салігорску велапрабегу-пратэсту супраць вынікаў рэферэндуму, праведзенага 14 мая 1995 года ў Рэспубліцы Беларусь, па выніках якога бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" страцілі статус дзяржаўнай сімволікі. Старшыня райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі правядзенне веларпабегу забараніў. Маладафронтавец абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе Салігорскага раёна, які 4 ліпеня вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні скаргі і ў дадатак спагнаў з хлопца 5900 рублёў ў даход дзяржавы. Цяпер маладзён шукае праўды ў абласным судзе.
У сваёй скарзе Андрэй Тычына звяртае ўвагу суда не толькі на відавочную неадпаведнасць вынесеных рашэнняў нацыянальнаму заканадаўству, але і спасылаецца на міжнародныя номы і дамовы ў галіне правоў чалавека, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь. У прыватнасці, маладзён апелюе да артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія гарантуюць свабоду выказвання свайго меркавання і права на мірныя сходы.