Салігорск: Маладафронтаўскі велапрабег забаранілі
Салігорскія ўлады забаранілі правядзенне велапрабегу, прымеркаванага да гадавіны рэферэндума 14 мая 1995 году, па выніках якога бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” страцілі статус дзяржаўных сімвалаў. Заяўнікам мерапрыемства выступаў мясцовы маладафронтавец Аднрэй Тычына. Мерапрыемства планавалася правесці 26 мая.
У сваім адказе старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандр Рымашэўскі абгрунтаваў забарону правядзення масавага мерапрыемства нібыта парушэннем з боку заяўніка патрабаванняў артыкулаў 8 і 11 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.
Арганізатары велапрабегу лічаць рашэнне чыноўніка незаконным і антыканстытуцыйным:
- У гэтай адмове я бачу тыповую для нашых уладаў палітыку падвойных стандартаў. 5-га мая мясцовае аддзяленне праўладнай “Беларй Русі” праводзіла аналагічнае мерапрыемства па маршруце, супадаючым з маршрутам нашага велапрабегу, але ж тут заяўнікамі выступалі маладафронтаўцы і абсалютна з палітычыных прычынаў чыноўнікі нам гэтага дазволу не далі, - лічыць заяўнік мерапрыемства Андрэй Тычына. - Лічу адмову ўладаў незкаоннай і антыканстытуцыйнай. У бліжэшы час пракансультуюся з юрыстамі на магчымасць абскарджвання дадзенага рашэння.
Салігорскія праваабаронцы называюць рашэнне чыноўнікаў абсалютна неправавым, а спасылкі на 8 і 11 артыкулы Закона “Аб масавых мерапрыемствах” неабгрунтаванымі:
- Артыкул 8 Закону ў прынцыпе з’яўляецца неканстытуцыйным і неадпавядаючым міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека. Паводле гэтага атрыкула да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатар не можа аб'яўляць у сродках масавай інфармацыі і нават ў Інтэрнэце аб даце, месцы і часе яго правядзення. Гэта, канешне, бязглуздзіца, але ж нават па гэтых нормах адмова ў правядзенні велапрабегу толькі на той падставе, што арганізатары дзесці ў Сеціве паведамілі аб падабенстве свайго маршруту на маршрут велапрабегу “Белай Русі”, з’яўляецца неправамернай, - сцвярджае салігорскі прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Леанід Мархотка.
Спасылка чыноўнікаў на 11-ы артыкул Закона, па меркаванні праваабаронцы, з’яўляецца нематываванай, бо не тлумачыць, якую з трох дзясяткаў частак дадзенага артыкула парушыў заяўнік. Акрамя таго, дадзеным артыкулам рэгулюецца выкананне нормаў грамадскага парадку непасрэдна пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, парушэнне якіх можна было б канстатаваць толькі падчас правядзення велапрабегу. Таму такая матывіроўка чыноўнікаў увогуле парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці.