У Салігорску быў разагнаны Дзень cалідарнасьці
Гэтым разам акцыя салідарнасьці павінна была распачацца Маршам Свабоды. Каля 80 чалавек (у асноўным моладзь) у 19.40 сабраліся ля галоўнага рынку, каб, трымаючы ў руках сьвечы і партрэты зьніклых ды палітвязьняў, прайсьціся праз горад да Цэнтральнай плошчы. На плошчы меўся адбыцца традыцыйны Дзень Салідарнасьці. Аднак побач з рынкам дзяжурыла каля дзясятка міліцыянтаў. На плошчы знаходзілася яшчэ каля 30. Для транспартыроўкі затрыманых быў прадугледжаны вялікі аўтобус МАЗ. На самым пачатку яшчэ ля рынку міліцыянты паспрабавалі затрымаць моладзевага лідэра 15-гадовага Івана Шылы. Аднак сябры ня далі яго забраць, схапіўшыся зь ім у ланцуг. Раптоўна міліцыянты пачалі хапаць іншых, аднак і тыя пачалі счапляцца ў ланцужкі. Пачаўся вэрхал: паўсюль чуліся крыкі й воплі. Адной дзяўчыне міліцыянты парвалі куртку і сумку. Мінакі сталі абурацца. "Гэтак вы й маго сына заўтра пачнеце зьбіваць" - залямантавала адна з жанчынаў. Павыходзілі людзі з суседніх кавярняў.
Тым часам моладзь пачала запальваць сьвечы, а міліцыя выклікаць дапамогу й аўтобус для затрыманьняў. Запаленыя сьвечкі міліцыянты апэратыўна выбівалі з рук. Гэтае тычылася й фотаапаратаў. Падмацаваньне на чале зь палкоўнікм пачало выціскаць удзельнікаў акцыі ў супрацьлеглы бок ад плошчы. Зьявіліся бацкі Івана Шылы. Іх разам з сынамі зноўку паспрабавалі затрымаць. Аднак Шылы ды яшчэ Карноў Дзяніс паваліліся на зямлю. У гэты час Валабуеў Аляксей спрабаваў зрабіць фотаздымкі падзеі. Міліцыянты ўбачылі гэта й абсалюнта незакона заламалі хлопцу рукі, закінулі ў міліцэйскі "варанок" й адвезьлі ў пастарунак. Усю сям'ю Шылаў, Карнова Дзяніса й дзяўчыну Аліну пасьля разьбіральніцтва гвалтоўна закінулі ў падагнаны аўтобус. Астатніх разагналі.
У пастарунку пасьля шэрагу пагрозаў (15 сутак, праблемы ў школе й на працы) з боку міліцыянтаў наконт удзелу ў наступным Дні Салідарнасьці, й пасьля так званага высьвятленьня асобаў усіх адпусьцілі.
Цікавай падалася гутарка зь міліцыянтамі наконт таго, што гэтая ўлада ня вечная, наконт сумленнасьці й будычыні. Як было ўжо не аднойчы заўважана фірмовым адказам усіх без выключэння міліцыянтаў, з'яўляецца тое, што міліцыя патрэбная любой уладзе. Аднак гэтым разам быў атрыманы больш грунтоўны адказ. Адзін з супрацоўнікаў паведаміў, што міліцыя будзе і пры камуністах і пры фашыстах.