Учора ў Берасьці былі затрыманыя 13 чалавек
16 кастрычніка 2006 году ў Берасьці некалькі дзесяткаў маладых людзей са сьвечкамі ў руках ад 18:30 да 19:40 стаялі ўздоўж прашпэкту Машэрава, некаторыя трымалі літары, якія складалі лёзунг “Свабоду палітвязьням!”, такім чынам яны нагадалі берасьцейскай грамадзкасьці аб Дні Салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых беларускіх палітыкаў і палітзьняволенымі.
Акцыя прыцягнула ўвагу ня толькі мінакоў, але і супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымалі і даставалі на апорны пункт № 2 Маскоўскага РАЎС г.Брэста 13 чалавек (Ігара Дземідовіча, Андрэя Шарэнду, Міхася Ільіна, Дзяніса Прадуна, Кацярыну Бельскую, Юлю Пашко, Ігара Бараноўскага, Віктара Клімуса, Канстанціна Турчаняка, Віталя Каўша, Юрася Боўбаца, Ганну і Анатоля ).
У некаторых затрыманых былі ўзятыя тлумачэньні, непаўнагадовых Ільіна, Прадуна і яшчэ некаторых з затрыманых ст. лейтэнант Тарасевіч схіляў сказаць, што Дземідовіч быў арганізатарам і раздаваў літары і сьвечкі. Гэта міліцэйская ініцыятыва была спыненая адначасова з нечаканым зьяўленьнем бацькоў непаўнагадовых. Сярод затрыманых быў міліцыянт, які намагаўся даведацца, зь якой арганізацыі прысутнічала моладзь.
Усіх затрыманых здымалі на відэа. Затрыманьне Віталя Каўша пракамэнтавалі так: “Няма прапіскі будзем трактаваць як бамжа”. Яго выпусьцілі апошнім пасьля 22:00. Ст. лейтэнант Тарасевіч забраў ў яго часопіс “Архэ”, маўляў “пачытаць”.