viasna on patreon

Стэфановіч патрабуе ад следчага камітэта ўзбуджэння крымінальнай справы па факце абмежавання яму выезду з Беларусі

2012 2012-05-04T15:31:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-army.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч падчас службы ў войску ў 1991 годзе

Валянцін Стэфановіч падчас службы ў войску ў 1991 годзе

4 траўня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы.

У заяве праваабаронца выказвае свае падазрэнні наконт наўмысных злачынных дзеянняў, скіраваных на незаконнае абмежаванне яго канстытуцыйных правоў, не выключаючы службовага падлогу, які выражаецца ў незаконным унясенні яго звестак у банк дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежавана права выезду з Рэспублікі Беларусь.

Валянцін Стэфановіч паведамляе следчаму камітэту пра безвыніковасць сваіх зваротаў у розныя дзяржаўныя органы, дзе ён шукаў адказу на пытанне, паводле чыйго рашэння яму абмяжоўваецца выезд за межы Беларусі.

“У якасці дзяржаўнага органа, які вынес такое рашэнне, у даведцы [даведка выдадзена аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Партызанскага РУУС г. Мінска] пазначанае Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а ў якасці падставаў для такога абмежавання - ухіленне ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу, службу ў рэзерве. Паводле супрацоўнікаў Партызанскага РУУС, мае пашпартныя дадзеныя былі ўнесеныя ў банк дадзеных нейкім Чарэднікам А.В.

Пасля атрымання даведкі я звярнуўся па тлумачэнні ў ваенкамат Партызанскага раёна г. Мінска. Ваенком і ягоныя намеснікі адказалі, што ніякіх звестак адносна мяне яны нікуды не адсылалі. Няма ніякіх звестак пра мяне і ў базе Мінскага гарадскога ваенкамата”.

Пры гэтым Стэфановіч адзначае, што падставы для часовага абмежавання яго права на выезд з Беларусі, пазначаныя ў даведцы, з’яўляюцца абсурднымі і відавочна незаконнымі. Па-першае, ён на 12 гадоў старэйшы за максімальны прызыўны ўзрост, устаноўлены дзеючым заканадаўствам, і, па-другое, ён ужо праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 1990-92 гг. Улічваючы таксама, што па падобных прычынах абмежаваны выезд шэрагу прадстаўнікоў незалежных СМІ, сябраў грамадскіх аб’яднанняў і апазіцыйных палітычных партый, праваабаронца выказвае меркаванне, што гэтыя абмежаванні не з’яўляюцца выпадковасцю ці нейкай тэхнічнай памылкай, а сведчаць пра спланаваную, незаконную, палітычна матываваную акцыю беларускіх спецслужбаў.

“У сувязі з незаконным абмежаваннем майго права на выезд з Рэспублікі Беларусь я  21.03.2012 г. звярнуўся з заявай у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, у якой прасіў правесці пракурорскую праверку ўказаных фактаў і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання. Дадзеная заява 28.03.2012 г. была перанакіраваная Генеральнай пракуратурай у Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, - апісваецца далейшае развіццё падзей у скарзе Стэфановіча. - Мной быў атрыманы адказ з Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ад 18.04.2012 г.  № 2/1-332 за подпісам Першага намесніка начальніка Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёра І.У. Лаўрыненкі. З дадзенага адказу вынікае, што Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь не валодае дадзенымі аб часовым абмежаванні майго права на выезд з Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае, што ніякіх рашэнняў аб такім абмежаванні ў дачыненні да мяне Міністэрствам абароны не прымалася, звесткі для ўнясення ў банк дадзеных у органы МУС не перадаваліся”.

Паколькі звароты ва ўсе дзяржорганы не далі ніякіх вынікаў, Валянцін Стэфановіч, кіруючыся арт. 166, 168, 172, 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, просіць следчы камітэт узбудзіць крымінальную справу па фактах, указаных у заяве.

Нагадаем, 11 сакавіка бягучага года пры пераездзе дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у памежным пераходзе “Каменны лог” Валянціну Стэфановічу было адмоўлена ў праве выезда з Рэспублікі Беларусь. Паводле тлумачэнняў начальніка памежнай службы, пашпартныя звесткі праваабаронцы значацца ў банку дадзеных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права якіх на выезд з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана.

На гэтую тэму:

Стэфановіч патрабуе ад следчага камітэта ўзбуджэння крымінальнай справы па факце абмежавання яму выезду з Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства