Затрыманага ў Менску Ігара Сімбірова асудзілі на 10 сутак арышту
17:20 Суддзя Наталля Пратасавіцкая асудзіла Ігара Сімбірова да 10 сутак арышту. Інтарэсы абвінавачанага прадстаўляў дзяжурны адвакат. Разгляд адміністратыўнай справы доўжыўся каля 10 хвілін. Ігар Сімбіроў кепска сябе адчуваў, патрабаваў выклікаць хуткую дапамогу, аднак ягоную просьбу праігнаравалі.
16:15. Ігар Сімбіроў знаходзіцца ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска, яго абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Па яго словах, міліцыянтаў зараз інструктуюць, што казаць падчас працэсу.
У тэлефоннай размове з праваабаронцамі Сімбіроў таксама распавёў, што яго затрымалі прыкладна ў 12:45 - папросту знялі з электрычкі на чыгуначным вакзале, калі ён прыехаў у Менск па асабістых справах. Затрымлівалі маёр Каробка Аляксей Юр'евіч і супрацоўнік міліцыі па прозвішчы Захвіцэвіч. З ужываннем фізічнай сілы яго даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна.
***
У ПЦ "Вясна" паступіла інфармацыя, што на сталічным вакзале затрыманы грамадскі актывіст з Асіповічаў Ігар Сімбіроў. Яго вязуць у суд Кастрычніцкага раёна на Сямашкі, 33.
Пакуль звязацца з Ігарам праваабаронцам не ўдалося, яго мабільны тэлефон адключаны.