Абаронцы салігорскага лесу бачаць выйсце ў змене гарадскога кіраўніцтва
Лесапаркавую зону Салігорска ў зялёным трохкутніку на скрыжаванні вуліц Заслонава і Казлова, якую мясцовыя жыхары баранілі амаль два гады, усё ж высеклі. Пра гэта мясцовым праваабаронцам паведамілі актывісты кампаніі “Абаронім лес”.
Яшчэ на мінулым тыдні начальнік Салігорскай прыродаахоўнай інспекцыі фактычна пацвердзіў планы па высечцы лесапрку, ажыцяўленне якіх не прымусіла сябе доўга чакаць. Цягам 25 красавіка паўгектару лесу было пушчана пад сякеру. Як і меркавалася, на месцы знішчанай ланшфатна-рэкрэацыйнай зоны мінскай фірмай КМК-Інвэст будзе ўзведзены чарговы шматпавярховы жылы дом.
Актывісты кампаніі “Абаронім лес” выказваюць сумнеў адносна празрыстасці і законнасці атрымання гэткіх ласых кавалкаў лесапарку пад будаўніцтва жылля прыватнай мінскай фірмай:
- Нам абсалютна незразумела, што такога каштоўнага прыватныя мінскія забудоўшчыкі робяць ці зробяць для гораду, дзеля чаго мясцовыя ўлады пагадзіліся аддаць ім пад высечку каштоўны для Салігорску лесапарк, - абураецца ініцыятар кампаніі “Абаронім лес” Уладзімір Шыла. - Чамусці мясцоваму домабудаўнічаму камбінату гэткія прывабныя кавалкі не аддалі.
Сітуацыя ўскладняецца тым фактам, што паказчык шчыльнасці насельніцтва ў горадзе з’яўляецца надзвычай высокім. Салігорск ужо не толькі ў два разы апярэджвае Мінск, але і ўваходзіць у пяцёрку найбольш шчыльна населеных гарадоў планеты. Сталіца шахцёраў апярэджвае такія буйнейшыя гарады свету, як Лондан, Мехіка, Токіа, Ганг-Конг, Сінгапур, Ліён, Нью-Ёрк і нават Маскву.
У сувязі з ігнараваннем мясцовымі ўладамі меркавання жыхароў гораду адносна горадабудаўнічай палітыкі актывісты кампаніі “Абаронім лес” плануюць у бліжэйшы час ініцыяваць збор подпісаў пад зваротам да дзеючага кіраўніка Беларусі з патрабаваннем аб пазбаўленні Аляксандра Рымашэўскага пасады старшыні Салігорскага раённага выканаўчага камітэту.