Смалявічы: «Ніхто не мае права выносіць лёсавызначальныя рашэнні без думкі грамадзян»
Учора ў Смалявічах затрымалі актывістаў кампаніі «Гавары праўду!», аднак адзін з затрыманых Андрэй Дзмітрыеў настойвае на тым, каб журналісты не змяшчалі «цэнтр цяжару» на затрыманне, а расказвалі пра сапраўдную праблему Смалявіцкага раёна.
«Я ўдзячны журналістам і праваабаронцам, якія інфармавалі грамадскасць аб нашым затрыманні ў Смалявічах, - распавёў Андрэй Дзмітрыеў. - Але я хацеў бы, каб на затрыманні не рабіўся акцэнт. Важна, што мы ўжо змаглі дамагчыся таго, што ўлады прыслухоўваюцца да меркавання дачнікаў і жыхароў Смалявіцкага раёна. Гэтая праблема - зусім не праблема асобна ўзятага рэгіёну. Гэта праблема кожнага жыхара Беларусі! Ніхто не мае права выносіць лёсавызначальныя рашэнні аб забудове ці адчужэнні беларускіх зямель без думкі грамадзян. Той факт, што зараз чыноўнікі сталі асцярожнічаць - ужо наша перамога».
У газеце мясцовага райвыканкаму “Край Смалявiцкi” з’явілася інфармацыя пра тое, што ў выканкаме прайшоў круглы стол «Індустрыяльны парк - будучыня Смалявіччыны», на які ніхто з апанентаў запрошаны не быў.
Фота: Радыё Свабода