Яшчэ аднаго гарадзенскага журналіста выклікае пракуратура
Сёння, 16-га лютага, журналісту з Гародні Алесю Дзянісаву патэлефанавалі з Гарадзенскай абласной пракуратуры і запрасілі прыйсці заўтра у 11 гадзін на размову. Алесь Дзянісаў адказаў, што не супраць паразмаўляць, але яго выклік павінен насіць афіцыйны характар, таму ён можа з’явіцца на размову толькі пасля атрымання афіцыйнага дакумента. З пракуратуры журналіста запэўнілі, што неўзабаве ён атрымае позву.
Гарадзенскіх праваабаронцаў вельмі насцярожвае цяперашняя актыўнасць пракуратуры, звязаная з пераследам незалежных журналістаў, паколькі выклік Дзянісава не з’яўляецца адзіным такім фактам.
Сам Алесь Дзянісаў лічыць, што яго выклікаюць у сувязі з яго журналісцкай дзейнасцю. На такую думку наводзіць тое, што Гарадзенская абласная пракуратура ўжо сёння вынесла папярэджанне яшчэ аднаму гарадзенскаму журналісту Міколу Дзятчэню за выкананне ім сваіх прафесійных абавязкаў без належнай акрэдытацыі.