viasna on patreon

Жыхар Гомеля дзевяць месяцаў таму быў апраўданы судом, але застаецца ў спісах асобаў, якім забаронены выезд за мяжу

2011 2011-12-20T16:54:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stop-kontrol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 снежня каля чатырох гадзін раніцы жыхар Гомеля Яўген Дзедушкін прыехаў на рэйсавым аўтобусе на беларуска-літоўскую мяжу. Грамадзянін збіраўся трапіць у Вільню, а адтуль паляцець на самалёце ў Брусэль. «У мяне быў квіток на самалёт, за 120 еўра, за квіток да Вільні я заплаціў 117 тысяч рублёў, і вось памежнікі кажуць, што мне забаронены выезд! На той падставе, што я нібыта знаходжуся пад крымінальнай адказнасцю. Я даводжу, што яшчэ вясной 2011 года мяне цалкам апраўдаў суд, але мне не дазваляюць перасекчы мяжу – маўляў, я у спісах, і кропка», - распавёў Яўген Дзедушкін. Ён быў вымушаны вярнуцца ў Гомель, і тут жа звярнуўся ў Чыгуначны РАУС, па месцы жыхарства, каб даведацца – на якой падставе ён з'яўляецца невыяздным. «У аддзеле міліцыі праглядзелі спісы і кажуць, што, маўляў, так, вам забаронены выезд, бо вы былі асуджаны за злачынства. Я кажу – прабачце, але гэта было даўно, і няпраўда – мяне суд, і абласны, і Вярхоўны цалкам апраўдаў! На што мне адказваюць – гэта не наша справа: орган, які вёў следства, павінен быў нам паведаміць, што вы апраўданы, але не паведаміў, а самі мы такія звесткі не павінны збіраць ці спраўджваць, таму гэта вашы праблемы», - абураецца гамяльчук.

Ён плануе параіцца з юрыстамі і напісаць скаргі ў адпаведныя структуры, а таксама дабіцца свайго выключэння са спісаў асобаў, якім забаронены выезд.

«Я лічу, што гэта помста з боку праваахоўных органаў, калі я ва ўсіх інстанцыях дабіваўся перагляду справы, мне намякалі, што мы табе адпомсцім. Вось так і адпомсцілі – і за мяжу не пусцілі неправамерна, і грошы мае прапалі. Натуральна, мяне пазбавілі свабоды перамяшчэння», - дадае суразмоўца.

Нагадаем, толькі пасля трох гадоў следства, шматлікіх судовых паседжаняў гомельскі псіхіятр Яўген Дзедушкін дабіўся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы гады жыцця, здароўе, сталую працу і рэпутацыю. Гісторыя гэта пачалася летам 2008 года ў Гомелі. Нехта невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Прыязджалі выратавальнікі, міліцыя, але падпальшчык затрыманы не быў. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр Яўген Дзедушкін. Ён жыў побач з месцам здарэння, таму, здавалася б, нічога дзіўнага не было ў тым, што, ўбачыўшы зарава, малады чалавек апынуўся на месцы здарэння. Бяда яго была ў тым, што на момант пажараў ён быў выпіўшы, і міліцыя забрала маладога чалавека. Праз некалькі дзён у мясцовай прэсе прайшло паведамленне, што за падпалы затрыманы «псіхіятр-піраман». Кіраўніцтва абласной псіхіятрычнай бальніцы тэрмінова пазбавілася «злачынцы», звольніўшы Дзедушкіна з працы.

А суд прызнаў урача вінаватым у падпалах, хоць і не было фактычна ніякіх доказаў віны, і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.

24 сакавіка судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Летам Вярхоўны суд пацвердзіў, што Яўген Дзедушкін — цалкам невінаваты ў падпалах, ён іх не здзяйсняў. Між тым, ніхто не адказаў за тыя гады, якія нявінны чалавек правёў у турме. А чалавек тым часам усе роўна застаецца ў «чорных» спісах злачынцаў, якім нельга за мяжу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства