Суд над Аляксандрам Крутым пачнецца 6 снежня
Суд над Аляксандрам Крутым, які прадстаўляў на пачатковым этапе працэсу па тэракце ў мінскім метро інтарэсы пацярпелай дачкі Інэсы, пачнецца 6 снежня. Слуханні будуць праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска.
Пра гэта паведаміла Інэса Крутая.
Круты абвінавачваецца ў хуліганстве.
Нагадаем, вечарам 20 верасня Аляксандр Круты быў затрыманы міліцыяй у Мінску па абвінавачанні ў хуліганстве. 22 верасня старшыня суда па справе аб тэракце Аляксандр Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй сказана, што Круты «17 жніўня, будучы ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Мінска, наўмысна ўчыніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і знявагай да нормаў маралі». Гэта праявілася ў тым,
што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачой на галоўнага ўрача». Па накіраванні пракурора Круты быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя.
На судзе Круты паводзіў сябе вельмі актыўна, выступаў з шэрагам хадайніцтваў, у тым ліку аб пераносе працэсу да адмены ў Беларусі смяротнай кары.
Сям’я Крутых хоча атрымаць прыстанішча ў Германіі. Заяву ў нямецкае пасольства ў Мінску Аляксандр Круты аднёс у верасні.
Інэса Крутая перадавала ў суд хадайніцтва аб прыпыненні працэсу да таго часу, пакуль бацька не будзе вызвалены і не зможа прадстаўляць яе інтарэсы ў судзе. 26 верасня суд адхіліў гэта хадайніцтва. Сама Крутая браць удзел у працэсе не можа па стане здароўя.
Зараз Круты знаходзіцца ў жодзінскай турме. Экспертыза ў РНПЦ псіхічнага здароўя прызнала, што ён не помніў сябе.
Дачка паведаміла, што апошнім часам адносна наладзіліся паштовыя адносіны паміж сям’ёй і абвінавачаным, якіх не было больш як месяц з моманту яго затрымання. З атрыманых лістоў стала вядома аб умовах утрымання Крутога ў турме. Паводле слоў Інэсы, у бацькі нават няма магчымасці падстрыгчы пазногці — яму не даюць нажніц. І ён вымушаны іх сточваць аб нейкую металічную пласціну. Раней зняволеным турмы, напрыклад, для рамонту адзення, выдавалі іголку і нажніцы.