Канфіскаваную тэхніку вярнулі ў непрацоўным стане
Маладэчанскаму праваабаронцу Алесю Капуцкаму, нарэшце, вярнулі тэхніку, якая была канфіскавана падчас ператрусу 25 снежня мінулага года, праведзенага ў межах крымінальнай справы “аб масавых беспарадках”. Два сістэмныя блокі і фотаздымач, якія Алесь забраў з міліцыі, аказаліся зламанымі, уся інфармацыя з іх знішчана.
Вяртання канфіскаванай тэхнікі праваабаронца чакаў амаль год. Каб даведацца пра лёс сваіх рэчаў, Алесь звяртаўся ў МУС, адтуль запыт быў дасланы ў КДБ. З КДБ прыйшоў адказ, што тэхніку яму ўжо быццам вярнулі. Пасля патрабавання прадставіць акт перадачы яму, нарэшце, патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, што можна ўсё забраць.
Аказалася, што ў сістэмных блоках зламаныя працэсары, жорсткія дыскі з інфармацыяй выдаленыя, фотаздымач таксама не працуе. Ці ёсць сэнс пісаць скаргі на гэты конт – Алесь сумняецца.