У розных гарадах свету прайшлі акцыі супраць прысуду Алесю Бяляцкаму (ФОТА)
25 лістапада актывісты
праваабарончых арганізацый з розных краінаў выйшлі на вуліцы, да будынкаў амбасадаў
і консульстваў Беларусі ў сваіх гарадах, каб падтрымаць асуджанага кіраўніка
«Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, а таксама выказаць сваё абурэнне
на адрас беларускіх уладаў. Акцыі прайшлі ў такіх гарадах, як Парыж, Брусель,
Стакгольм, Хельсінкі, Буэнас-Айрэс, Анкара, Санкт-Пецярбург, Ерэван, Бішкек,
Тбілісі, Заграб...
У Бруселі Бельгійская ліга правоў
чалавека правяла акцыю салідарнасці з Алесем Бяляцкім ля будынка Еўрапейскай
Камісіі:
У Стакгольме прадстаўнікі шведскіх
праваабарончых арганізацый Östgruppen, Civil Rights Defenders, шведскага
аддзялення Amnesty International і SILC патрабавалі неадкладнага і безумоўнага
вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў ля будынка амбасады Беларусі. «Мы ведаем, што Алесь Бяляцкі не злачынца,
а наадварот мужны змагар за правы чалавека. Мы ведаем, што суд над Бяляцкім быў
сапраўдным фарсам. І мы ведаем, каго насамрэч трэба садзіць на лаву падсудных,
гэта прадстаўнікоў беларускіх уладаў», адзначае Марцін Угла, кіраўнік Östgruppen.
Турэцкая праваабарончая арганізацыя Human Rights Association (IND) арганізавала
акцыю перад пасольствам Беларусі ў Анкары.
«Калі мы хочам вяршэнства дэмакратыі,
прызнання ідэалаў правоў чалавека і павагі да людзей у нейкай краіне, гэта можа
быць забяспечана, толькі калі змагары за правы чалавека застаюцца свабоднымі
для ажыццяўлення сваёй працы», - удзельнікі акцыі заклікалі ўрад Беларусі
абараняць праваабаронцаў у адпаведнасці з міжнародным правам.
Дырэктар “Праваабарончага Цэнтра
Азербайджана” Эльдар Зайналаў звярнуўся
да амбасадара Беларусі ў Азербайджане
з выказваннем пратэсту “супраць стварэння
ў Беларусі такіх умоваў для дзейнасці праваабарончых арганізацый, калі простыя,
прынятыя ва ўсім свеце формы дзейнасці ў абарону асноўных правоў і свабод
чалавека, сутыкаюцца з крымінальнымі абвінавачваннямі і судовымі рэпрэсіямі”.
Сп. Зайналаў папрасіў беларускага
дыпламата перадаць ураду патрабаванне “неадкладнага
вызвалення нашага калегі і прыняцця заканадаўчых гарантый бесперашкоднай
дзейнасці праваабаронцаў у Беларусі, якая з'яўляецца адным з заснавальнікаў ААН
і датычная да прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Дэкларацыі правоў
праваабаронцаў”.
Ля будынку беларускай амбасады адбылася акцыя армянскіх праваабаронцаў у Ерэване:
У акцыі каля амбасады Беларусі ў Бішкеку прынялі ўдзел кіргізскія актывісты з Праваабарончага цэнтру “Грамадзяне супраць карупцыі”, “Кылым Шамы”, Юрыдычнай клінікі “Адылет”, а таксама валанцёры, студэнты вну.
Акцыя доўжылася на працягу гадзіны, аднак прадстаўнікі амбасады так і не выйшлі
да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
У Заграбе “Грамадзянскі камітэт за
правы чалавека” правёў маштабную прэс-канферэнцыю па справе Алеся Бяляцкага, на
якой выступалі вядомыя актывісты грамадскіх арганізацый, а таксама амбудсмэн. У
знак салідарнасці ўсе былі ў майках з выявай Алеся Бяляцкага. Дзякуючы
прысутнасці на прэс-канферэнцыі асноўных харвацкіх тэлеканалаў, навіна пра
прысуд Алесю Бяляцкаму стала галоўнай у інфармацыйным полі краіны.
На фота (злева на права): Юрыца Мальчыч,
суддзя Вярхоўнага Суда і Амбудсмен Харватыі, Зоран Пусіч, кіраўнік “Грамадзянскага камітэта за правы чалавека”,
і Таміслаў Якіч, сябра Камітэта і
Дарадца Прэзідэнта Харватыі па пытаннях знешняй палітыкі ў 2000-2010 гг.
Зоран Пусіч, кіраўнік Камітэта,
таксама звярнуўся да Прэзідэнта Харватыі з поўнай інфармацыяй па справе Алеся
Бяляцкага і просьбай пра падтрымку з яго боку.
У Харарэ, сталіцы Зімбабвэ,
прадстаўнікі "Асацыяцыі Правоў Чалавека" (ZimRights) гэтай
паўднёва-афрыканскай рэспублікі таксама далучыліся да глабальнай праваабарончай
кампаніі і рашуча асудзілі незаконны прысуд і турэмнае зняволенне Алеся
Бяляцкага. «Мы ўсе вельмі добра знаёмыя з
рэпрэсіўнымі рэжымамі, якія падрываюць права і прававыя сістэмы з мэтай
пераследу абаронцаў правоў чалавека. Беларусь з'яўляецца адной з такіх краінаў»,
- сказаў выканаўчы дырэктар ZimRights сп. Акей
Мачыса. «Асаблівую занепакоенасць у
гэтым пытанні выклікае свядомы ўдзел польскіх уладаў у пераследзе
праваабаронцы, нягледзячы на шырока вядомую пазіцыю ЕС па гэтым пытанні, а
таксама кіруючыя прынцыпы па абароне праваабаронцаў. Пытанне патрабуе тэрміновай
увагі з пункту гледжання таго, як рэалізуюцца гэтыя кіруючыя прынцыпы і як
краіны ЕС павінны спраўляцца з неадпаведнасцю сваіх абавязацельстваў па абароне
праваабаронцаў і іншых двухбаковых і шматбаковых абавязацельстваў», -
адзначыў прадстаўнік ZimRights і віцэ-прэзідэнт FIDH Арнольд Цунга. Такім чынам, ZimRights заклікаў беларускія ўлады
неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага.