Андрэй Пачобут рыхтуе скаргу ў Вярхоўны суд
Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які асуджаны на тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады, працягвае дамагацца справядлівасці. Напомнім, што публіцыст польскай “Газэты выборчай” быў асуджаны па частцы 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу – паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 20 верасня ў Гарадзенскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі з прадказальным вынікам – суд гэтай інстанцыі пацвердзіў рашэнне гарадзенскага суду Ленінскага раёну. Зараз Пачобут рыхтуе чарговую скаргу – на гэты раз у Вярхоўны суд. Журналіст не мае асаблівых ілюзій на змену прысуду і намераны ў выпадку пацверджання першаснага прысду звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Што датычыць абмежаванняў у правах, то паводле вызначэння крымінальна-выканаўчай інспекцыі зараз Андрэю Пачобуту забаронены выезд за мяжу. Акрамя гэтага, тры разы ў месяц па панядзелках ён мусіць з’яўляцца ў аддзяленне міліцыі №1, што па вуліцы Гараднічанскай і адзначацца там.