Сына Алеся Бяляцкага аштрафавалі на 10 базавых велічыняў
Затрыманага пад час акцыі Адама Бяляцкага даставілі ў памяшканьне суду Цэнтральнага раёна Менска.
Справу разглядаў намеснік старшыні суду Цэнтральнага раёна Леанід Ясіновіч. Суддзя адмовіў ў задавальненні хадайніцтва аб праглядзе матэрыялаў відэаздымкі, паколькі, па ягоных словах, невядома, хто здымаў і дзе гэтыя матэрыялы можна ўзяць.
Адвакат Адама Бяляцкага звярнула ўвагу на значнае працэсуальнае парушэнне - пратакол затрымання быў складзены толькі сёння раніцай, хоць затрыманне адбылося ўвечары 22 жніўня, і міліцыянт, які яго складаў, адсутнічаў на працэсе. Сведкам з боку абвінавачання выступіў супрацоўнік ДАІ Байран Дзмітрый, што зартымліваў Адама.
Суддзя прыйшоў да высновы, што віна затрыманага ў парушэнні арт. 17.1 КаАП (нецэнзурная лаянка) падцверждана падчас судовага разгляду.
Не выходзячы ў дарадчы пакой, ён вынес прысуд - штраф у памеры 10 базавых велічыняў (350 тысяч рублёў).
Нагадаем, што аўтамабіль, якім кіраваў Адам Бяляцкі, вечарам 22 жніўня спыніўся на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і Машэрава непадалёк ад Плошчы Перамогі. Кіроўца ўключыў аварыйку і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.
Аўтамабіль пагрузілі на эвакуатар, а Адаму Бяляцкаму надзелі кайданкі, пасадзілі ў машыну ДАІ з бартавым нумарам 649 і даставілі ў Цэнтральны РУУС.