Савет ААН па правах чалавека вызначыў механізмы маніторынгу і кантролю за сітуацыяй у Беларусі
17 чэрвеня на 17-й сесіі Савета ААН па правах чалавека большасцю галасоў
(21 “за” пры 5 “супраць” і 19 “ўстрымаліся”) была прынятая рэзалюцыя аб
сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Рэзалюцыя,
высунутая дэлегацыяй Еўрапейскага Саюза, была падтрымана Канадай, Нарвегіяй,
ЗША, Швейцарыяй, Паўднёвай Карэяй, Японіяй, большасцю лацінаамерыканскіх краінаў
- сябраў Савета, а таксама дэлегацыямі Габона, Замбіі, Іарданіі, Маўрыкія,
Мальдываў і Уругвая. Супраць прыняцця мераў у дачыненні
да Беларусі прагаласавалі ўсяго 5 краінаў: Кітай, Куба, Расія, Нігерыя і
Эквадор.
Савет у сваёй рэзалюцыі асудзіў дзеянні ўладаў Беларусі
па дэстабілізацыі сітуацыі з правамі чалавека на працягу апошніх паўгады і
заклікаў спыніць палітычна матываваны пераслед лідэраў апазіцыі і прадстаўнікоў
грамадзянскай супольнасці, выконваць міжнародныя стандарты ў галіне
забеспячэння справядлівага і бесстаронняга правасуддзя, вызваліць усіх
палітычных зняволеных, правесці дбайнае незалежнае
расследаванне неабгрунтаванага і непрапарцыйнага прымянення сілы да ўдзельнікаў
акцыі 19 снежня 2010 года, а таксама фактаў прымянення катаванняў. Акрамя таго, дакумент змяшчае патрабаванне паважаць свабоду выказвання
меркавання, асацыяцый і мірных сходаў, выконваць міжнародныя абавязацельствы ў
рамках АБСЕ і дапусціць прысутнасць АБСЕ на тэрыторыі Беларусі.
Тэкст цалкам: