Вайсковая пракуратура правярае заявы пра катаваньні ў КДБ
10 чэрвеня жонку палітвязьня Алеся
Атрошчанкава Дар'ю Корсак выклікалі ў вайсковую пракуратуру для дачы
паказаньняў адносна вядомых ёй фактаў катаваньняў у КДБ.
Раней Дар'я Корсак заявіла пра катаваньні ў КДБ пасьля размовы са сваім мужам
Алесем Атрошчанкавым, якога да суду больш за тры месяцы трымалі ў СІЗА КДБ і,
паводле ягоных слоў, катавалі і абыходзіліся зь ім бесчалавечна.
Допыт Дар'і Корсак, аднак, не адбыўся. Жонка палітвязьня прыйшла ў вайсковую
пракуратуру з прадстаўніком — незалежнай юрысткай Аленай Танкачовай, але
сьледчы адмовіўся весьці допыт у прысутнасьці Танкачовай.
"У выніку мы дамовіліся, што допыт адбудзецца ў аўторак, 14 чэрвеня, і я
буду з адвакатам", — сказала Дар'я Корсак.
Як паведаміла "Свабодзе" кіраўнік Цэнтру прававых трансфармацый Алена
Танкачова, яна накіравала ў вайсковую пракуратуру афіцыйныя заявы пра вядомыя
ёй факты катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня ў СІЗА КДБ, на дадатак да
тых, пра якія паведаміла Дар'я Корсак.
"Гэта факты, пра якія казалі экс-кандыдаты на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч і
Ўладзімер Някляеў. Мяркую, вайсковай пракуратуры трэба разьбірацца і зь імі, як
і з паказаньнямі Алеся Атрошчанкава. Таксама не выключаю, што зьявяцца іншыя
факты, бо мы заклікалі пацярпелых паведамляць пра такія факты", — сказала
Алена Танкачова.
У сакавіку, пасьля заяваў пра катаваньні ў СІЗА КДБ, сьледчыя спрабавалі ўзяць
пра гэта паказаньні ў Алеся Атрошчанкава, якога пасьля суду яшчэ трымалі ў
"амэрыканцы". Тады вязень адмовіўся гаварыць са сьледчым без
адваката. Дар'я Корсак кажа, што ў вайсковай пракуратуры ёй паведамілі пра
намер дапытаць Алеся Атрошчанкава ў калёніі адносна ягоных заяваў пра
катаваньні ў КДБ.
Алеся Атрошчанкава трымаюць у калёніі "Віцьба-3" пад Віцебскам.