Праваабарончаму цэнтру “Вясна” – 15 гадоў
У час, калі ў Беларусі шалеюць палітычныя расправы над апанентамі існуючага рэжыму, праваабарончаму цэнтру “Вясна” спаўняецца пятнаццаць гадоў. Пра святкаванне праваабаронцам думаць у гэты час не выпадае, але азірнуцца на зробленае і акрэсліць арыенціры на бліжэйшую будучыню – магчыма. Гэта робіць старшыня і стваральнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
Гісторыя правабарончага цэнтру “Вясна” пачалася з тых драматычных падзеяў, якія адбыліся 15 гадоў таму. Сітуацыя вясной 1996 года была актыўнай і напружанай: беларускае грамадства супраціўлялася масштабным парушэнням Канстытуцыі, абмежаваннем грамадзкіх і палітычных свабод, якія пачаў ўсё актыўней дазваляць сабе малады на той час прэзідэнт. Лукашэнка пачаў відавочна закручваць гайкі дзеля таго, каб канчаткова падпарадкаваць сабе ўсе галіны ўлады і ўрэшце перапісаць канстытуцыю “пад сябе”. І менавіта ягоныя рашучыя крокі напачатку былі звязаныя з разгонамі масавых акцый. Першы жорсткі разгон дэманстрацыі, ды не абы якой, а “Чарнобыльскага Шляху”, прысвечанага трагічнай для беларусаў падзеі, аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адбыўся 26 красавіка 1996 года. Перад гэтым прайшла масавая акцыя 25 сакавіка, у гонар БНР, затым 2 красавіка, калі грамадзяне пратэставалі супраць заключэння саюзнай дамовы з Расіяй, на якую нечакана прыйшло шмат людзей. Але на Чарнобыльскі шлях сабралася яшчэ болей -- каля сарака тысяч грамадзян, уся плошча Коласа, абвешчаная месцам збору, была шчыльна запоўненая людзьмі.
Сама акцыя была добра аформленая, у чым бралі ўдзел грамадскі актыўныя мастакі з суполкі “Пагоня”, было шмат сцягоў, харугваў, плакатаў. Дэманстранты сутыкнуліся з праблемамі, калі пачалі выходзіць на праспект, каб рухацца ў бок плошчы Перамогі. Адразу ж праспект быў перагароджаны некалькімі шэрагаў міліцыянтаў з дубінкамі і нават грузавымі і легкавымі аўтамабілямі. Адбылася вельмі жорсткая сутычка з дэманстрантамі. Хачу нагадаць, што нічога падобнага ў Беларусі не было з кастрычніка 1988 году, калі быў разагнаны мітынг каля Маскоўскіх могілак, прысвечаны Дзядам. З таго часу ніводная масавая акцыя ў Менску не была разагнаная ўладамі. І вось праз сем гадоў – жорсткае сутыкненне, у якім у тыя хвіліны былі збітыя дзесяткі людзей. Гэта адбывалася на маіх вачах. Памятаю, як мастак Аляксей Марачкін, які нёс абраз Чарнобыльскай Маці Божай, атрымаў удар у вока і ледзь не страціў зрок. Іншыя дэманстранты атрымалі ўдары дубінкамі, былі разбітыя галовы, некаторыя атрымалі іншыя траўмы. Аднак людзей было так шмат, што міліцыя не была ў стане спыніць людскую плынь, людзі проста адсунулі гэтыя кардоны і пайшлі па праспекце далей. “Чарнобыльскі шлях” дайшоў да Нямігі і далей да Палацу спорта. Сутыкненні адбываліся таксама і на Нямізе.
Пасля акцыі міліцыя затрымала каля сотні яе ўдзельнікаў, была ўзбуджаная крымінальная справа, адразу былі арыштаваныя Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык. Мяне таксама выклікалі ў пракуратуру па гэтай справе ў якасці сведкі. У грамадстве быў пэўны шок, паколькі нічога падобнага не здаралася шмат гадоў. Таму ўзнікла пільная патрэба ў тэрміновым зборы інфармацыі: дзе хто сядзіць, хто дзе знаходзіцца, патрэбна было аказваць дапамогу арыштаваным, у першую чаргу сем’ям Хадыкі і Сіўчыка, самі яны ў зняволенні абвесцілі галадоўку. Менавіта тады на базе актывістаў Беларускага народнага фронту ўзнікла група дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якую я, будучы на той час сакратаром Управы Беларускага народнага фронту і ачоліў. Гэта было натуральным для мяне рашэннем, паколькі праблемы звязаныя з абаронай правоў чалавека заўсёды прысутнічалі ў маім жыцці. Я быў адным з заснавальнікаў першай праваабарончай беларускай арганізацыі “Мартыралог Беларусі”, а затым, будучы дэпутатам Мінскага гарадскога савету, уваходзіў у склад гарадской камісіі па рэабілітацыі рэпрэсаваных у 30-я-50-я гады. Хаця на той час здавалася, што праца нашая па дапамозе новай хвалі рэпрэсаваных будзе часовай. Калі б тады нехта сказаў, што мы будзем працаваць 15 гадоў і што грамадска-палітычная сітуацыя не толькі не палепшыцца, але і істотна пагоршыцца па ўсіх пазіцыях: і ў заканадаўчым плане, і ў ціску на грамадства, і ў адносінах уладаў да грамадзянскай супольнасці – я ніколі б не паверыў у гэта.
На той час сем год адпрацаваўшы дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча я зрабіўся практычна прафесійным музейшчыкам, чалавекам, які бачыў сваё будучае жыццё ў беларускай культуры, у літаратуры, а ня толькі ў грамадска-палітычнай сферы, як яно і склалася надалей.
Тым не менш, беларускаму грамадсту быў кінуты выклік, найперш у мэтавым і паслядоўным пераследзе актывістаў грамадзянскай супольнасці. І гэты выклік быў прыняты. Мы пачалі збор сродкаў для дапамогі пацярпелым. Самае цікавае, што памятаецца дагэтуль, гэта тое, што дапамога збольшага была харчовай. Адзін з маіх добрых знаёмых выдзеліў два ці тры цэнтнеры харчоў (макаронаў, цукру, грэчкі, алею). На мікрааўтобусе харчы перавезлі ў музей Багдановіча і там, разам з калегамі, фасавалі ўсё гэта ў пакункі з эмблемай музею і перадавалі тым, хто быў збіты, ці сядзеў на сутках. Карацей, дапамагалі, чым маглі. Шмат харчоў перадалі сем’ям Сіўчыка і Хадыкі. Такім быў пачатак нашай “Вясны” і як бачна – пачатак сімвалічны. Зараз, на 25-годдзе Чарнобыля ізноў прагучала, што ў Беларусі ўсе гэтыя гады адбываецца Чарнобыль не толькі фізічны, датычны нашага здароўя, але і духоўны, датычны духоўнага здароўя беларусаў. Выразныя праявы гэтага духоўнага Чарнобыля мы атрымалі ад новай беларускай улады, якая ўмацоўвалася, мацярэла, тачыла зубы на маладыя дэмакратычныя парасткі, якія тады прабіліся на беларускай грамадскай глебе. Ад таго часу мы працягвалі сваю працу на валанцёрскіх пачатках, у вольны ад асноўнай працы час. Наўзабаве пачаліся новыя крымінальныя справы, напрыклад справа супраць паэта Славаміра Адамовіча, і мы аказвалі матэрыяльную дапамогу яго родным, калі ён сядзеў у СІЗА.
Дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій стала адной з нашых галоўных задач, якой мы і займаемся з тых часоў. Калі згадаць, хто быў першым у складзе нашай групы – магу назваць Галіну Вашчанку, Маю Кляшторную, дачку беларускага паэта Тодара Кляшторнага, рэпрэсаванага, як і яна сама, уласна я, некалькі чалавек з нашага музейнага калектыву, якія таксама дапамагалі нам.
Апроч матэрыяльнай дапамогі мы ад самага пачатку пачалі займацца зборам інфармацыі па рэпрасаваных. Я нагадаю, што пасля тых падзей выйшла кніжка, якая так і называлася “Мінская Вясна-96”, дзе былі апісаныя падзеі Чарнобыльскага шляху-96, сабраныя факты рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў “Чарнобыльскага Шляху”, змешчаны спіс рэпрасаваных. Інфармацыю даводзілася збіраць з розных крыніц, напрыклад з газеты “Свабода”, якая часта змяшчала такія звесткі, так і непасрэдна ад саміх удзельнікаў акцыяў, якіх мы апытвалі пра тое, што з імі зрабілася. Хроніку парушэнняў правоў чалавека мы пачалі ствараць практычна ад самага пачатку сваёй дзейнасці, і ў розных варыянтах займаемся гэтым і зараз. Гэта важны накірунак нашай працы.
Дзейнасць, якой мы займаемся 15 год, складаная, цяжкая. Яна забірае шмат нервовай энергіі. Непроста ўвесь час займацца тымі праблемамі, якія ўзнікаюць у людзей у барацьбе за свае правы, але тым не менш, я маю вялікае маральнае задавальненне ад таго, што зроблена за паўтары дзесяткі гадоў у межах нашай арганізацыі, што зроблена “Вясной” у межах беларускага і міжнароднага праваабарончага руху. Нашая праца адзначаная некалькімі аўтарытэтнымі міжнароднымі прэміямі. За гэтыя 15 гадоў “Вясна” разраслася да рэспубліканскай арганізацыі, прадстаўніцтвы і актывісты якой ёсць практычна ва ўсіх вялікіх гарадах Беларусі. Ёсць задавальненне ад зробленага і ёсць вялікае незадавальненне ад таго, што невыкананая асноўная мэта стварэння нашай арганізацыі – у Беларусі працягваюць масава парушацца правы чалавека, Беларусь не далучылася да сям’і цывілізаваных краінаў. Гэтая мэта – бачыць Беларусь свабоднай, дэмакратычнай і прававой краінай, дзе б сапраўды шанаваліся правы чалавека, прымушае нас рухацца наперад. Пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая, мы будзем працаваць у гэтым накірунку і далей.