У Гомельскай вобласці “адкатаць” пальчыкі адмовіліся каля 3 тысяч чалавек
Міліцыянты ідуць на хітрыя крокі — просяць падпісаць адмову, каб потым на яе падставе прыцягнуць “адмаўленцаў” да адказнасці ў судзе. Звычайна штраф 700 тысяч.
Па словах генеральнага пракурора, абавязковую дактыласкапію прайшлі ўжо больш за 2 мільёны беларусаў. Напрыклад, толькі ў Магілёўскай вобласці пальчыкі “адкаталі” ў 500 тысяч чалавек.
"Гэта ваеннаабавязаныя, раней асуджаныя, плюс дзяржаўныя служачыя, якія павінны праходзіць дактыласкапію: міліцыя, МНС. Набіраецца каля паўмільёна", — распавялі Еўрарадыё ў магілёўскай міліцыі.
Паводле новага закона, дактыласкапію праходзяць усе ваеннаабавязаныя — тыя, хто стаіць на уліку ў ваенкамаце. Гэта датычыцца і мужчын, і жанчын. У Гомельскай вобласці прайшлі працэдуру 421 тысяча чалавек з верасня 2008 года. Праўда, многія людзі адмаўляюцца здаваць адбіткі пальцаў. У Гомельскай вобласці такіх набралося каля 3 тысяч чалавек. Іх будуць прыцягваць па артыкуле аб невыкананні законнага патрабавання супрацоўнікаў міліцыі.
"Канкрэтна адказнасці за адмову ад дактыласкапіі няма. Але ў суды зараз накіроўваюцца адміністратыўныя пратаколы за невыкананне законных патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі. Калі вы адмаўляецеся, дык вы не выконваеце закон. Таму што гэта не проста так міліцыянт хоча, гэта згодна з законам. І калі суды праходзяць, а яны праходзяць, дык гэта 700 тысяч штраф", — распавялі ў прэс-службе гомельскай міліцыі.
Юрыст Гары Паганяйла кажа, што, на думку праваабаронцаў, чалавек сапраўды абавязаны з'явіцца ў міліцыю, калі атрымаў позву. Але адбіткі пальцаў здаваць мае права адмовіцца.
"Мы лічым, што міліцыя неправамерна афармляе матэрыялы ў суды па адміністратыўных справах аб непадпарадкаванні, калі чалавек з'явіўся, але не здае адбіткі пальцаў. Ён можа адмовіцца ад гэтага, матывуючы тым, што ў самім законе не прапісаныя гаранты захавання базы дадзеных, якія адносяцца да асабістага жыцця грамадзян. А гэта гарантуецца законам".
Папросту, ніхто не гарантуе тое, што адбіткі не стануць даступныя нейкім трэцім асобам, ці базу не “зліюць” у інтэрнэт. З іншага боку, у самім законе не прапісаная адказнасць за ўхіленне ад дактыласкапіі. Калі б яна была прапісаная — супрацоўнікі міліцыі мелі б рацыю.
Але некаторыя міліцыянты ідуць на хітрыкі. Напрыклад, у Магілёве прапануюць прыйсці і падпісаць фармальную паперу, што вы не хочаце здаваць адбіткі пальцаў. А потым выкарыстоўваюць яе ў судзе.
"Калі грамадзяне будуць накіроўваць такія дакументы, гэта будзе доказам таго, што грамадзянін адмаўляецца ад выканання тых абавязкаў, якія яму прапануе рабіць міліцыя, - гаворыць Паганяйла. Тут яны паступаюць вельмі хітра. Атрымаўшы такі дакумент, яны аформяць адміністратыўныя матэрыялы, накіруюць у суд, а суд прыцягне да адказнасці".
У іншым выпадку, доказам у судзе можа быць падпісаная вамі позва, па якой вы не з'явіліся. Але ў такім выпадку яе павінны ўручыць пад подпіс або праз кіраўніцтва на месцы працы ці навучання. У іншым выпадку доказаў ухілення ад дактыласкапіі не будзе.
Як паведамілі Еўрарадыё ў МУС, за 2010 год амаль 11 тысяч адбіткаў пальцаў, знойдзеных на месцах злачынства, супалі з базай. З іх 3 тысячы 772 — гэта старыя злачынствы. З большага гэта крадзяжы, а таксама — 89 забойстваў і 51 гвалтаванне, з іх 16 "глухароў" і 6 нераскрытых раней гвалтаванняў.
У МУС адзначаюць, што само супадзенне адбіткаў пальцаў не даказвае віны падазраванага.
"З любога месца злачынства “здымаюцца” адбіткі пальцаў, якія заносяцца ў адзіную базу дадзеных, — тлумачаць у гродзенскай міліцыі. — Калі ідзе супадзенне, дык эфектыўнасць раскрыцця злачынства павялічваецца".
Так, з 11 тысяч супадзенняў было раскрыта 2325 злачынстваў, у тым ліку — 13 забойстваў, 12 гвалтаванняў і 26 рабаванняў. Таксама дзякуючы дактыласкапіі атрымалася ідэнтыфікаваць 584 неапазнаных трупаў.