За 7 дзён – 9 папярэджанняў журналістам
Пасля тэракту ў мінскім метро значна ўзмацніўся ціск на супрацоўнікаў незалежных мас-медыя ў Беларусі. Так, за тыдзень, з 12 па 19 красавіка 2011 г., пракуратура, Міністэрства інфармацыі і КДБ папярэджвалі асобных журналістаў і калектывы рэдакцыяў ажно 9 разоў. Асабліва жорсткім для супрацоўнкаў СМІ выдаўся дзень 14 красавіка. Прыводзім пералік ужытых дзяржаўнымі органамі да прэсы санкцыяў.
1. 12 красавіка Генпракуратура вынесла папаярэджанне рэдактару інтэрнэт-газеты “Салідарнасьць” Аляксандру Старыкевічу за “распаўсюджванне неабгрунтаванай інфармацыі аб трагічных падзеях у Мінскім метрапалітэне”. А.Старыкевіч быў першым з беларускіх журналістаў, хто па гарачых слядах выклаў усе верагодныя версіі тэракту. Аднак пракуратура палічыла ягоныя развагі “неабгрунтаванымі звесткамі і дадумкамі, накіраванымі на дыскрэдытацыю беларускага грамадства і дзяржавы”.
2. 14 красавіка рэдактара газеты “Бабруйскі кур’ер” Анатоля Санаценку паспрабавалі запрасіць на размову ў раённую пракуратуру, але ён адмовіўся ісці без позвы. Тады замест абяцанай позвы яму прывезлі афіцыйную паперу, падпісаць якую ён адмовіўся. Падставай стала публікацыя А.Санаценкі ў блогу на сайце “Беларускі партызан”, што тычылася тэракту. 18 красавіка Анатоль Санаценка атрымаў папярэджанне па пошце.
3. 14 красавіка папярэджанне ад Мінінфармацыі атрымала рэгіянальная газета «Узгорак». Горацкае выданне пакаралі за адсутнасць штрых-кода на газеце, а таксама за тое, што рэдакцыя не папярэдзіла міністэрства пра змену рэдактара. Пры гэтым кіраўнік рэдакцыі змяніўся толькі з прычыны смерці ранейшага рэдактара газеты Эдуарда Брокарава.
4. 14 красавіка Міністэрства інфармацыі накіравала на адрас рэдакцыі «Нашай Нівы» папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння норм закона «Аб СМІ», палічыўшы непраўдзівай апублікаваную ў газеце інфармацыю пра тое, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка знаходзілася на станцыі да позняга вечара. Гэта, на думку Мінінфармацыі, наносіць шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытуе органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, што бралі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым у выніку тэракту. Пры гэтым журналісты выдання пісалі пра падзеі са словаў сведкі, указалі яго імя і прозвішча, як і імя гераіні матэрыялу. Было змешчана і яе фота.
5. 15 красавіка Мінінфармацыі вынесла папярэджанне рэдакцыі «Народнай волі» — «у сувязі з распаўсюдам выданнем звестак, не адпаведных рэчаіснасці і зневажальных для дзелавой рэпутацыі Белтэлерадыёкампаніі». Факт распаўсюду такіх звестак нібыта быў устаноўлены 13 красавіка рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суда, які разглядаў зыск Белтэлерадыёкампаніі да “Народнай Волі”. БТ пакрыўдзілася на артыкул намесніка рэдактара газеты Святланы Калінкінай “Гаворыць і паказвае Гебельс-ТВ”, у якім гаворка ішла пра прапагандысцкі фільм аб Плошчы-2010 “Плошча. Жалезам па шкле”.
6. 18 красавіка ўвечары галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Скурко выклікалі на гутарку ў КДБ, дзе ён быў папярэджаны аб адказнасці за разгалошванне матэрыялаў следства па справе аб тэракце 11 красавіка. Цікава, што на наступную раніцу пасля тэракту прадстаўнікі спецслужбы наведалі рэдакцыю “НН” дзеля капіявання здымкаў з месца трагічных падзеяў, а пасля сыходу затэлефанавалі і загадалі прыбраць з сайта адзнятае там відэа.
7. 19 красавіка рэдактар крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны атрымаў афіцыйнае папярэджанне ад гарадской пракуратуры – за свой артыкул “Чорныя дні”. Незадаволенасць пракуратуры выклікала тое, што ў артыкуле “утрымліваецца крытыка дзеянняў вышэйшых службовых асобаў дзяржавы, а таксама службовых асобаў праваахоўных органаў і ходу расследвання расследвання па крымінальнай справе па факце здзяйснення тэрарыстычнага акта на станцыі метро “Кастрычніцкая” 11 красавіка”.
8. 19 сакавіка прадстаўнік пракуратуры прывёз у рэдакцыю “Нашай Нівы” чарговае папярэджанне. На гэты праз востра адрэагавала Генеральная пракуратура Беларусі, а падставай стала публікацыя камэнтару пад назвай “Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужб”, у якім былы палкоўнік вайсковага спецназа выказваў сваё меркаванне аб магчымых прычынах тэракту. Версія палкоўніка пра тое, што за тэрактам маглі стаяць і праўладныя сілы, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, уладам відавочна не спадабалася.
9. 20 красавіка папярэджанне атрымала праз пошту рэдакцыя часопіса «Аrche. Пачатак». Яно было вынесена Міністэрствам інфармацыі яшчэ 15 красавіка за тое, што “у выхадных звестках нумара 1–2 часопіса „Аrche. Пачатак“ за 28 лютага 2011 года адсутнічае імя па бацьку галоўнага рэдактара выдання, няправільна паведамлена пра нумар пасведчання аб яго дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама не ўказаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, які зарэгістраваў гэты часопіс”. Гэта кваліфікавана як парушэнне артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”. Папярэджанне падпісана самім міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім.
У сувязі з апошнімі падзеямі вакол незалежных СМІ грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняло заяву пад назвай “Патрабуем спыніць пераслед нашых калег!”
У заяве, у прыватнасці, гаворыцца, што “улады краіны спрабуюць выкарыстаць любую нагоду, каб змусіць замаўчаць нешматлікія вольныя галасы, што засталіся на беларускім інфармацыйным полі”. БАЖ выказвае вялікі жаль, што нават трагічныя падзеі ў Мінску 11 красавіка не сталі выключэннем з гэтага сумнага правіла, і выказвае рашучы пратэст у сувязі з пераследам журналістаў.
Акрамя таго, у заяве нагадваецца пра незаконныя затрыманні шэрагу журналістаў пасля тэракту і іх адміністратыўнае асуджэнне, абмежаванне доступу да шэрагу інфармацыйных сайтаў і крымінальны пераслед васьмі сябраў БАЖ, прычым сямі з іх – у рамках справы аб масавых беспарадках 19 снежня.