Рыгора Лук’янчука будуць судзіць за адмову ад дактыласкапіі
Рабочы чыгункі Рыгор Лук’янчук з горада Маларыта Брэсцкай вобласці атрымаў позву ў суд Маларыцкага раёна на 14 красавіка. На думку міліцыянераў, Рыгор Лук’янчук парушыў артыкул 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях - непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню службовай асобы. Справа ў тым, што спадар Лук’янчук адмовіўся прайсці дактыласкапію, паколькі лічыць, што не адносіцца да тых катэгорый людзей, якія павінны здаць адбіткі пальцаў у абавязковым парадку. Да таго, як даслаць позву, супрацоўнікі міліцыі лавілі Р. Лук’янчука на вуліцы і тэлефанавалі дадому, а зараз знайшлі магчымасць пакараць упартага.
Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па дадзеным артыкуле за адмову ад дактыласкапічнага даследавання – на мінулым тыдні гэткае ж абвінавачанне было вылучана старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васілю Палякову.
“Праваабарончая хроніка”