Нямецкіх журналістаў злавілі ў памежнай зоне
24 сакавіка памежны нарад вайсковай часткі 1242 аддзела берагавой аховы Гомельскай памежнай групы затрымаў двух нямецкіх журналістаў — кіраўніка карэспандэнцкага пункта «DEUTCHLANDRADIO» ў Маскве Роберта Баага і карэспандэнтку «Рэйнскай газеты» Дорыс Хэйман. Адбылося гэта ў 16 гадзін 40 хвілін ля вёскі Бывалькі Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці.
Пасля затрымання журналістаў і арэндаваную імі машыну разам з кіроўцам, грамадзянінам Беларусі, даставілі ў аддзел берагавой аховы. Там пачаўся асабісты дагляд, допыт, складанне пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, а затым і пастановы аб адміністрацыйным спагнанні.
Нямецких журналістаў абвінавацілі, як напісана ў адміністрацыйным пратаколе, «ў парушэнні правілаў уезду (уваходу) і перасоўванні ў памежнай зоне… без пропуска, які выдаюць органы памежнай службы замежным грамадзянам», што прадугледжана ў арт. 35 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», а таксама ў пункце 12 Палажэння аб парадку памежнага рэжыму.
Падчас вобшуку журналістаў прымусілі распрануцца.
Цягнулася ўсе працэдуры, звязаныя з затрыманнем, амаль 9 гадзін. Адпусцілі журналістаў на пачатку другой гадзіны ночы. Перад гэтым выканаўца абавязкаў начальніка аддзела берагавой аховы, капітан 3 рангу Аляксандр Дзяжко вызначыў для замежных журналістаў спагнанне ў выглядзе папярэджання без дэпартацыі. Дакументы і рэчы аддалі. У пастанове аб адміністрацыйным спагнанні сказана, што «Бааг Роберт віну ў парушэнні правілаў памежнага рэжыму прызнаў, у зробленым чыстасардэчна раскаяўся».
Нямецкія журналісты ехалі ў Камарын Брагінскага раёна, каб падрыхтаваць матэрыялы да гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Дарога, на якой іх машыну спынілі памежнікі, наўпрост вядзе ў Камарыў уздоўж Дняпра. Яе, відавочна, па карце выбраў недасведчаны кіроўца, які не надта добра ведаў мясцовасць.