Аршанская міліцыя гуляе ў хованкі
Як ужо паведамлялася, у Оршы 24 сакавіка быў асуджаны да 3 сутак адміністрацыйнага арышту расейскі праваабаронца і журналіст Аляксандр Лашманкін. Па сцвярджэнні супрацоўнікаў транспартнай міліцыі, Лашманкін лаяўся, размахваў рукамі - увогуле ўвесь класічны набор дзеянняў, які ў апошнія гады рэгулярна прыпісваецца ў Беларусі прадстаўнікам апазіцыі і незалежным журналістам напярэдадні масавых акцый.
Ноччу 27 сакавіка група аршанскіх праваабаронцаў прыйшла да будынка ІЧУ ў Оршы сустракаць расейскага журналіста, які адбыў трое сутак арышту.
- Чакайце яго каля галоўнага выхаду, цяпер будзем вызваляць, - бадзёра паведаміў дзяжурны па ізалятары.
Літаральна праз 5 хвілін з брамы ізалятару выехаў аўтазак і на высокай хуткасці рушыў па начным горадзе ў бок чыгуначнага вакзалу.
На шчасце, праваабаронцы былі гатовыя да падобнага развіцця падзей. На аўтамабілі яны даехалі да вакзала і сустрэлі Аляксандра Лашманкіна, які выходзіў з аўтазаку. На ўмовы ўтрымання ён не скардзіўся, але паведаміў, што пакутуе ад галавакружэння пасля трох дзён галадоўкі. Нягледзячы на негасцінную сустрэчу ў Беларусі, Аляксандр не мае намеру адмаўляцца ад працы ў нашай краіне. У тую ж ноч ён выехаў у Мінск.
"Праваабарончая хроніка"