МЗС Беларусі адмовіў у акрэдытацыі расійскаму журналісту Лашманкіну
Паводле слоў прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных , гэта зроблена за парушэнне расійскім журналістам заканадаўства Беларусі.
МЗС Беларусі адмовіў у акрэдытацыі галоўнаму
рэдактару расійскага праваабарончага інфармагенцтва Свабода Аляксандру
Лашманкіну, нягледзячы на раней прынятае станоўчае рашэнне па гэтым пытанні,
паведамляе БелаПАН.
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пацвердзіў інфармацыю пра тое, што
Лашманкін пазбаўлены акрэдытацыі. Паводле яго слоў, гэта зроблена за парушэнне
расійскім журналістам заканадаўства Беларусі.
Нагадаем, журналіст і праваабаронца планаваў асвятляць святкаванне апазіцыяй у
Мінску Дня Волі, аднак ён быў высаджаны ў Оршы з цягніка ў ноч з 23 на 24
сакавіка. Прычынай для затрымання стаў ананімны званок, пра тое, што Лашманкін
спрабуе правезці наркотыкі.
24 сакавіка суддзя Аршанскага суда прызнала журналіста вінаватым у дробным
хуліганстве. З міліцэйскага пратакола вынікала, што пры затрыманні Лашманкін
размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Адразу пасля вынясення прыгавору Лашманкін
абвясціў галадоўку пратэсту.
Зараз Лашманкін знаходзіцца ў Беларусі і вырашае, што яму рабіць далей.
"Улады Беларусі не хочуць, каб у краіне працавалі незалежныя журналісты,
каб праўдзівая інфармацыя пра тое, што адбываецца, распаўсюджвалася за яе межы.
Парушаць правы чалавека заўсёды больш цікава, калі пра гэта ніхто не ведае",
— сказаў Лашманкін.