У Оршы пачаўся суд над расейскім журналістам Аляксандрам Лашманкіным
Раніцай 24 сакавіка ў Оршы пачаўся суд над расейскім журналістам Аляксандрам Лашманкіным, якога знялі з цягніка "Чэлябінск - Брэст" каля гадзіны ночы пры ўездзе на тэрыторыю Беларусі супрацоўнікі транспартнай міліцыі.
На дадзены момант Аляксандр Лашманкін знаходзіцца ў кабінеце суддзі Котавай Алесі Анатольеўны, на судовае паседжанне не дапушчаны ні адвакат, ні прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку - назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта. Журналіст, па яго ўласных словах, абвінавачваецца ў дробным хуліганстве.
На працягу ночы прадстаўнікі Міжнароднай назіральнай місіі спрабавалі растлумачыць матывы затрымання Аляксандра Лашманкіна. Аднак супрацоўнікі міліцыі, спасылаючыся на “службовы” характар інфармацыі, адмаўляліся патлумачыць прычыны затрымання праваабаронцам. Раніцай з'явілася дзве версіі затрымання Лашманкіна: яго абвінавачванне ва ўдзеле ў незаконным абароце наркотыкаў ці ў здзяйсненні хуліганскіх дзеянняў. Не выключана, што справа аб адміністрацыйным правапарушэнні - толькі спосаб затрымаць журналіста для вылучэння далейшых абвінавачванняў.
Аляксандр Лашманкін - расейскі журналіст, рэдактар інфармацыйнага агенцтва "Свабода" (Самара), атрымаў афіцыйную акрэдытацыю ў МЗС Беларусі. Гэтую ноч Аляксандр правёў у лінейным пункце Аршанскага АУСТ у чаканні тлумачэння свайго статусу і сутнасці прад'яўленных яму абвінавачванняў.
"Аляксандр Лашманкін ехаў у Рэспубліку Беларусь як афіцыйна акрэдытаваны журналіст для асвятлення сітуацыі ў краіне пасля падзей 19-га снежня мінулага года. Нежаданне прадстаўнікоў праваахоўных органаў даваць каментары пра прычыны яго затрымання і іх супярэчлівая інфармацыя даюць нам падставы меркаваць, што ў дадзеным выпадку мае месца не што іншае як спроба перашкодзіць прафесійнай дзейнасці журналіста "- каментуе Канстанцін Баранаў, прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі.