Выключэнне з Саюза ветэранаў МУС – за ініцыятыву незалежнага расследавання знікнення Захаранкі
Заяву аб выключэнні з Саюза ветэранаў МУС капітан міліцыі ў адстаўцы з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч (на фота) напісаў яшчэ 10 лістапада 2010 года. Прычынай стала тое, на ўрачыстай частцы святкавання дня ветэранаў яму не далі да канца зачытаць зварот, каб Саюз ветэранаў МУС краіны выступіў з ініцыятывай незалежнага расследаванне справы знікнення іх былога міністра Юрыя Захаранкі. Гэты зварот быў абмеркаваны з некаторымі ветэранамі напярэдадні, і яны пагадзіліся з яго абнародаваннем. Аднак падчас зачытвання звароту Станіслава Халадовіча ў грубай форме сталі перапыняць двое з калег-ветэранаў, астатнія прысутныя (амаль сто чалавек) – прамаўчалі. Кіраўніцтва Івацэвіцкага РАУС таксама не перапыніла грубыя дзеянні былых падпалкоўніка і маёра. Ветэран Халадовіч у знак пратэста пакінуў залу і на другі дзень напісаў заяву аб выхадзе.
Заява амаль чатыры месяцы заставалася без разгляду і толькі ў Дзень міліцыі, 3 сакавіка 2011 года, была задаволена. Станіслаў Халадовіч лічыць, што яго выключэнне прымеркавана да святочнай даты нездарма. Ён быў удзельнікам Плошчы, за што адбыў 10 сутак арышту ў Жодзінскай турме. Магчыма, міліцэйскае начальства палічыла, што такімі дзеяннямі ён запляміў калектыў, і пляма была “змыта” публічна ў Дзень міліцыі.
“Праваабарончая хроніка”