Водгукі прэзідэнцкіх выбараў: цяпер дыскрымінацыю пры фармаванні камісій ацэніць Камітэт ААН
Баранавіцкая Рада “Таварыства беларускай мовы” атрымала 18 сакавіка 2011 года рашэнне Вярхоўнага Суда № 04-06/372 па сваёй скарзе, датычнай дыскрымінацыі сяброў арганізацыі пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій. У пісьме за подпісам намесніка старшыні Вярхоўнага Суда А. Забары паведамляецца, што скарга разгледжана, парушэнняў выбарчага заканадаўства не выяўлена.
Нагадаем, што траім сябрам ТБМ Сяргею Гоўшы, Рыгору Грыку і Карнею Пятровічу рашэннем Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 3 лістапада 2010 года было адмоўлена ва ўключэнні ў склад участковых выбарчых камісій, нягледзячы на багаты вопыт удзелу ў выбарчых кампаніях рознага ўзроўню.
Каб адстаяць правы сваіх сяброў, Рада ТБМ спачатку звярнулася ў Баранавіцкі гарадскі суд, які традыцыйна прыняў бок гарвыканкама, затым быў зварот да старшыні Брэсцкага абласнога суда. Абласны суд таксама прыняў бок улады, пасля чаго была пададзена скарга ў Вярхоўны Суд. Сябры ТБМ адзначылі, што неўключэнне прадстаўнікоў арганізацыі ў склад участковых выбарчых камісій кваліфікуецца імі як дыскрымінацыя, што забаронена арт. 22 Канстытуцыі, а таксама міжнародна-прававымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці, арт. 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак і Вярхоўны Суд дыскрымінацыі “не ўбачыў”.
Зараз баранавіцкія сябры “Таварыства беларускай мовы” збіраюцца звяртацца са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Для гэтага было неабходна выкарыстаць усе магчымыя механізмы абароны ўнутры краіны, што паслядоўна і было зроблена актывістамі арганізацыі.
“Праваабарончая хроніка”