Барысаўскага дэмактывіста пазбавілі магчымасці працаваць
З 1 сакавіка бягучага года з дэмакратычным актывістам, індывідуальным прадпрымальнікам Міхаілам Васільевым былі расторгнуты дамовы арэнды ў дзяржаўным і прыватным гандлёвых прадпрыемствах горада Барысава.
Міхаіл Васільеў з 1998 года займаўся фотабізнесам. На працягу некалькіх гадоў у яго ў Барысаве былі дзве "кропкі" па аказанні фотапаслуг: ён вёў бізнэс са сваёй жонкай. Пачынальнаючы з вясны мінулага года, калі Васільеў заявіў аб намеры балатавацца ў дэпутаты на мясцовых выбарах, на яго пачалі аказваць ціск, папярэджваючы аб магчымасці скасавання дамовы арэнды ў дзяржаўнай краме. Тады Міхаіл аформіў дамову субарэнды з іншым прадпрымальнікам. Арэнднае месца не ліквідавалі. Для працы засталася "кропка" яго жонкі ў прыватнай краме, што дазваляла худа-бедна працягваць бізнэс. Але потым жонка сышла ў дэкрэтны адпачынак, а "кропку" перааформілі на іншага прадпрымальніка, які пагадзіўся дапамагаць і ў бізнэсе Васільевым.
Міхаіл Васільеў не адмовіўся ад палітычнай дзейнасці і ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі: быў спачатку сябрам ініцыятыўнай групы, а потым і даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Некляева. 1 снежня 2010 года ў сям'і Васільевых нарадзілася дачушка Дарына. А пасля навагодніх святаў кіраўнікі дзяржаўнага і прыватнага гандлёвых прадпрыемстваў папярэдзілі аб хуткім скасаванні дамоваў арэнды з-за "пашырэння асартыменту тавараў". Да Міхаіла дайшлі звесткі, што дырэктары прадпрыемстваў былі вымушаны выканаць негалоснае распараджэнне выканкама.
Так або інакш, зараз сям'я Васільевых не можа весці бізнэс. І гэта пры тым, што ў іх грудное дзіця. "Так хочацца, каб наша маленькая Дарына расла ў дэмакратычнай, нармальнай краіне, - кажа Міхаіл. І працягвае вельмі ўпэўнена: - Ну, на то мы і бацькі, каб ёй такую краіну і ствараць!"
"Праваабарончая хроніка"