Украіна другі раз адмовіла беларускаму палітуцекачу ў прытулку
Дзяржаўны камітэт Украіны па справах нацыянальнасцяў і рэлігій паўторна адмовіў беларускаму апазіцыйнаму актывісту Ігару Коктышу у прадастаўленні палітычнага прытулку.
Ігар Коктыш, рок-музыка забароненага ў Беларусі гурта “Млечны шлях” і моладзевы актывіст, напачатку 2000-х пераследаваўся ў Беларусі. У 2001 годзе ён быў арыштаваны ў Баранавічах па абвінавачанню ў забойстве. Гэтаму папярэднічала заява аднаго з мясцовых міліцыянтаў, што ён знойдзе, за што пасадзіць Ігара. Верагодна, міліцыі не падабалася, што музыка арганізоўвае канцэрты і акцыі моладзі супраць наркотыкаў, на якіх гучаць апазіцыйныя лозунгі. З таго часу супраць Ігара Коктыша разгарнулася цэлая праваахоўная вайна.
7 сьнежня 2001 году Брэсцкі суд апраўдаў
Ігара Коктыша. На судзе сведкі заявілі, што
на момант забойства Ігар быў у іншым горадзе. Пасля выхаду на волю ён распавёў, як яго
катавалі ў следчым ізалятары: не давалі лекаў ад астмы, на якую ён хворы, пакідалі
голага ў халоднай камэры і часта зьбівалі.
У СІЗА Ігар правёў 10 месяцаў.
Актывіст з’ехаў ва Ўкраіну. Даведаўшыся, што ў красавіку 2002 году пракуратура апратэставала рашэньне суда і вярнула туды справу на перагляд,
Ігар згадаў катаванні і ў Беларусь вырашыў не вяртацца. Больш чым праз 5 гадоў, 25 чэрвеня 2007 г., яго затрымалі ўкраінскія міліцыянты. У міжнародны
вышук ён быў абвешчаны за дамамогу беларускім актывістам у час выбараў
прэзідэнта 2006 года. Хлопца змясьцілі ў камэру Сімфэропальскага
СІЗА -- чакаць экстрадыцыі ў Беларусь. Аднак яна не
адбылася дзякуючы міжнароднаму рэзанансу. “Міжнародная амністыя” прызнала Ігара
Коктыша вязьнем сумлення і заклікала не перадаваць яго беларускім уладам, бо, калі
катаваннямі з яго выб’юць прызнанне, вынікам стане жорсткі (а магчыма, нават
смяротны) прысуд. У кастрычніку 2007 году Эўрапейскі суд па правах чалавека забараніў Украіне перадаваць арыштаванага
беларускаму боку, а “Міжнародная амністыя”
адначасова правяла акцыю тэрміновай дапамогі, зьвярнуўшыся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем не дазволіць экстрадыцыю. 2 лютага 2010 г. з-пад варты
музыку вызвалілі на падставе рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека.
З 2003 г. Ігар жанаты на грамадзянцы Украіны Ірыне Цюцюннік, разам яны стварылі гурт “Эндарфіны”, займаюцца музычнай творчасцю і канцэртамі. Яны жывуць у Жытоміры. Год таму, 12 сакавіка 2010 г., Акружным адміністратыўным судом Крыму было адменена рашэнне Дзяржкамітэту па справах нацыянальнасцяў і рэлігій, якім Ігару Коктышу было адмоўлена ў палітычным прытулку ва Украіне. Але такое ж рашэнне прынята паўторна. Беларуская амбасада, да таго ж, адмовілася выдаць яму новы пашпарт ўзамен старога, тэрмін дзеяння якога скончыўся – Ігару прапанавана ехаць мяняць пашпарт у Беларусь, нягледзячы на тое, што пасля ўсяго перажытага ім з вялікай верагоднасцю яго там чакае перасьлед.