Апошні судны дзень для “Аўтарадыё”
“Аўтарадыё” атрымала пісьмовую копію пастановы
Вышэйшага гаспадарчага суду пра тое, што папярэджаньне Мінынфарму і адключэньне
перадатчыка прызнаныя не адпаведнымі законам. Дакумэнт перададзены ў
Міністэрства сувязі і Дзяржаўную інспэкцыю па электрасувязі, але там не
сьпяшаюцца яго выконваць і ўключаць перадатчык.
Міністэрства інфармацыі падало касацыйную скаргу ў калегію Вышэйшага
гаспадарчага суду, паседжаньне якой прызначана на 17 сакавіка.
Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан распавёў:
"Я атрымаў у аўторак копію рашэньня і ўжо занёс дакумэнт у Дзяржаўную
інспэкцыю па электрасувязі. Але пакуль што адказу ад іх не атрымаў. Адказу
няма. Па вялікім рахунку, яны наагул не павінны былі прымаць такога рашэньня аб
спыненьні перадаваньня без пастановы суду. Ёсьць закон аб СМІ. Але ён, як мы
бачым, не працуе".
Перадатчык "Аўтарадыё" выключаны быў на наступны дзень пасьля
прадпісаньня Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні
Міністэрства інфармацыі, а вось уключаць пасьля рашэньня Вышэйшага гаспадарчага
суду Дзяржынспэкцыя па электрасувязі не сьпяшаецца.
Начальнік аддзелу радыёвяшчаньня і спадарожнікавай сувязі Беларускай дзяржаўнай
інспэкцыі па электрасувязі Сяргей Багданаў на пытаньне, чаму
пастанова вышэйшай судовай інстанцыі не выконваецца з такой самай хуткасьцю, як
рашэньне камісіі, якая падпарадкоўваецца Мінынфарму, адказаў так:
"Для нас усё – закон. І камісія – закон, і суд – закон. Але ж рашэньне
суду прадугледжвае яшчэ нейкія ўмовы. Я, наколькі ў курсе, яны яшчэ не да канца
яго выйгралі. Я даручыў сваім спэцыялістам-юрыстам удакладніць, ці зьяўляецца
гэтае рашэньне канчатковым. Так што не хвалюйцеся, мы яго выканаем з такой
самай хуткасьцю. Сёньня атрымалі – заўтра, магчыма, уключым".
Атрымліваецца, што Дзяржаўная інспэкцыя чакае разгляду касацыйнай скаргі
Міністэрства інфармацыі, якое палічыла экстрэмісцкім заклікам у эфіры
"Аўтарадыё" растыражаваную амаль дзясяткам СМІ фразу зь перадвыбарчай
праграмы Андрэя Саньнікава "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на
плошчы".
Гендырэктара "Аўтарадыё" Юрыя Базана такая настойлівасьць Мінынфарму
не зьдзіўляе:"У Міністэрства
інфармацыі ёсьць права падаць скаргу. Яны лічаць, што рашэньне быццам бы
неправамернае. Цяпер справу будзе разглядаць касацыйная калегія ў складзе ўжо
трох судзьдзяў. Звычайна калегія разглядае справу за адзін дзень, калі не
паўстануць нейкія супэрновыя абставіны. Але якія тут ужо могуць зьявіцца новыя
абставіны з гэтай фразай пра кухню і плошчу? Усе магчымыя бакі свае заключэньні
ўжо падалі, усё разабралі".
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў
такое меркаваньне: "Вышэйшы гаспадарчы суд можа або пакінуць сваю пастанову ў сіле або
адмяніць. Прагназаваць тут цяжка".
Паседжаньне калегіі Вышэйшага гаспадарчага суду для разгляду скаргі Мінынфарму
прызначана на 15-ю гадзіну 17 сакавіка. Гэта апошняя судовая інстанцыя па такой
справе.