Супрацоўнікі КДБ вярнулі камп’ютар бялыніцкаму актывісту
Днямі супрацоўнікі Магілёўскага КДБ нарэшце вярнулі сістэмны блок камп’ютара і электронныя носьбіты інфармацыі бялыніцкаму актывісту ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Мікалаю Мяцеліцу.
Нагадваем, што сістэмны блок камп’ютара і 5 флэш-картак супрацоўнікі КДБ забралі з кватэры Мікалая Мяцеліцы ў г. п. Бялынічы 15 студзеня пасля правядзення ператруса. Праводзілі ператрус супрацоўнікі КДБ Брыль і Кузьмянкоў у межах расследвання крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19-20 снежня 2010 года. Тады многія жыхары Бялыніч выказвалі здзіўленне, чаму патрэбна было рабіць вобшук менавіта ў Мікалая Мяцеліцы, бо ён на плошчы ў Мінску ў гэтыя дні не быў і ў ніякіх масавых беспарадках не мог удзельнічаць. Адзіная віна актывіста, - гэта тое, што падчас перадвыбарчай кампаніі Мікалай Мяцеліца быў сябрам ініцыятыўнай групы Ўладзіміра Някляева, арганізоўваў і праводзіў у райцэнтры агітацыйныя мерапрыемствы кандыдата ў прэзідэнты, збіраў подпісы ў ягоную падтрымку, удзельнічаў у арганізацыі назірання.
У сярэдзіне лютага супрацоўнікі КДБ дапыталі Мікалая Мяцеліцу як сведку ў справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня.
- Дапытвалі па факце ўзбуджэння крымінальнай справы аб масавых беспарадках, - кажа Мікалай Мяцеліца. Спрабавалі даведацца: адкуль я атрымліваў газеты? Хто прывозіў палатку? Хто перадаваў мне дыскі? Ці фінансавалася гэтая справа? Якія матывы ў мяне былі — за грошы ўдзельнічаць ці як ідэйны? Тонка спрабавалі хоць нейкую інфармацыю вывудзіць пра майго брата, Алега Мяцеліцу. Мяркую, што гэта была асноўная мэта.
Тады ж супрацоўнікі КДБ і паабяцалі Мікалаю Мяцеліцу вярнуць сістэмны блок камп’ютара і электронныя носьбіты інфармацыі, але вярнулі іх толькі зараз.
- Я сам ездзіў за камп’ютарам у Магілёў, забіраў яго ў мясцовым КДБ. Дзякуй Богу, нічога пашкоджана не было, камп’ютар знаходзіцца ў працоўным стане, - гаворыць Мікалай Мяцеліца. – Ужо пачаў на ім працаваць.
Мікалай Мяцеліца працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, займаецца распаўсюдам дэмакратычных выданняў у гарадскім паселку Бялынічы і Бялыніцкім раёне. Ён з’яўляецца адным з найбольш актыўных сяброў мясцовай суполкі руху БНФ “Адраджэнне”.
“Праваабарончая хроніка”