viasna on patreon

Форуму грамадзянскай супольнасьці адмовілі ў памяшканьні для канфэрэнцыі

2011 2011-03-15T12:27:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нацыянальнай плятформе Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" (ФГС УП) не далі месца, каб правесьці канфэрэнцыю "Роля і месца грамадзянскай супольнасьці ў стратэгіі будучыні".

Канфэрэнцыя павінна была адбыцца 19—20 сакавіка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB). Аднак учора, 14 сакавіка, аргкамітэту канфэрэнцыі стала вядома, што IBB ня можа ўзгадніць прадастаўленьне памяшканьня для мерапрыемства. На перашкодзе стала рашэньне аднаго з заснавальнікаў — Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. З фармальных прычын адміністрацыя гатэлю "Crowne Plaza" таксама раптам адмовілася прыняць канфэрэнцыю ў сябе.

Аргкамітэт канфэрэнцыі разглядае гэтыя рашэньні як мэтанакіраваныя дзеяньні беларускіх улад па стварэньні перашкодаў дзейнасьці Нацыянальнай плятформы ФГС УП. Прычынай такога відавочнага процідзеяньня магла стаць тэматыка і меркаваны склад удзельнікаў мерапрыемства. Нацыянальная плятформа ФГС УП выступіла з ідэяй кансалідацыі грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама абмеркаваньня магчымай адзінай стратэгіі аб'яднаных сіл. Да ўдзелу ў канфэрэнцыі запрашаліся ня толькі дзеячы грамадзянскай супольнасьці і экспэрты, але таксама прадстаўнікі шэрагу палітычных сілаў. Фактычная забарона канфэрэнцыі выглядае асабліва неканструктыўным крокам на фоне публічных заяваў беларускага МЗС адносна важнасьці для Беларусі ініцыятывы "Ўсходняе партнэрства". Ігнаруючы адзін з найважнейшых кампанэнтаў гэтай ініцыятывы Эўразьвязу — Форум грамадзянскай супольнасьці, беларускія ўлады фактычна парушаюць прынятыя ў рамках "Усходняга партнэрства" абавязаньні, — заяўляе аргкамітэт канфэрэнцыі

Сустаршыня Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" і яго нацыянальны каардынатар у Беларусі Ўлад Вялічка камэнтуе гэтую сытуацыю наступным чынам: "Гэта абсурдны і незразумелы крок Менгарвыканкаму. Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" заўсёды была і застаецца адкрытай пляцоўкай для абмеркаваньня актуальных пытаньняў разьвіцьця краіны і яе грамадзянскай супольнасьці. Прытрымліваючыся каштоўнасьці ўзаемнага дыялёгу, мы ніколі не перашкаджалі ўдзелу ў нашых мерапрыемствах любых грамадзкіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку і відавочна прадзяржаўных аб'яднаньняў. Перакананы, што гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў не застануцца без рэакцыі кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці, нацыянальных плятформаў краін "Усходняга партнэрства" і Эўрапейскай камісіі".

У цяперашніх абставінах Аргкамітэт прыняў вымушанае рашэньне перанесьці канфэрэнцыю на пазьнейшы тэрмін. Тым ня менш ніякія перашкоды не павінны спыніць працэс публічнага абмеркаваньня агульнай стратэгіі ўсіх дэмакратычна арыентаваных сілаў краіны. 18 сакавіка (пятніца) у 13.00 Аргкамітэт канфэрэнцыі Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці "Ўсходняга партнэрства" праводзіць прэс-канфэрэнцыю з удзелам лідэраў грамадзянскай супольнасьці, прадстаўнікоў экспэртнай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства