Брытанскія юрысты рыхтуюцца прыцягнуць беларускага прэзідэнта да суда
Такім падзагалоўкам адкрываецца артыкул на першай паласе Independent. Выданне паведамляе, што брытанская
юрыдычная фірма рыхтуе персанальны судовы пазоў супраць Аляксандра
Лукашэнкі, вінавацячы яго ў сістэматычным парушэнні праў чалавека, а
менавіта ў тым, што зняволеных беларускай турмы КДБ рэгулярна падвяргаюць
катаванням, паведамляе BBC
"Следчыя праваабарончых арганізацый апыталі сотні актывістаў,
арыштаваных пасля мінулых у снежні прэзідэнцкіх выбараў, і выявілі, што
збіванні, катаванні і нечалавечыя ўмовы ўтрымання дагэтуль з'яўляюцца
распаўсюджанай практыкай у краіне, дзе ўсемагутная таемная паліцыя па-ранейшаму
носіць назву КДБ, і якую нярэдка завуць апошняй дыктатурай Еўропы", -
сцвярджае Independent.
Брытанская вядучая праваабарончая арганізацыя H2O Law заяўляе, што мае намер
прад'явіць Лукашэнку персанальны пазоў, калі ён неадкладна не выпусціць усіх
палітычных зняволеных.
Кампанія ўяўляе інтарэсы сем'яў затрыманых. Юрысты выказваюць надзею, што
персанальны пазоў супраць Лукашэнкі прывядзе да выдачы ордара на арышт
беларускага прэзідэнта ці людзей з яго асяроддзя. Independent нагадвае, што
Еўрасаюз ужо зачыніў свае межы для прадстаўнікоў беларускіх улад, аднак такі
ордар дазволіў бы распаўсюдзіць гэту забарону на ўсе краіны, у якіх з Брытаніяй
ёсць дамова пра ўзаемную экстрадыцыю.
Па словах прадстаўніка H2O Law, паваротным момантам сталі сведчанні былога
кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Алеся Міхалевіча, які сцвярджае,
што падчас 10-тыднёвага зняволення ў "Амерыканцы" яго неаднаразова
катавалі падчас допытаў.
Калі H2O выканае свае пагрозы і падасць пазоў, адзначае выданне, гэта стане
першым прэцэдэнтам, калі міжнародныя праваабаронцы будуць у судовым парадку пераследваць
дзейснага лідара незалежнай краіны.
Паводле міжнароднага заканадаўства, нагадвае газета, ужыванне катаванняў
з'яўляецца адным з нешматлікіх злачынстваў, на якія не распаўсюджваецца
дыпламатычны імунітэт кіраўніка дзяржавы.