Алесь Міхалевіч разарваў заяву пра супрацоўніцтва з КДБ
Былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч
заявіў, што падпісаў раней заяву пра супрацоўніцтва з КДБ. На гэтых умовах яго
вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску Міхалевіч разарваў гэтую заяву.
Міхалевіч назваў турму КДБ канцлягерам у цэнтры Менску, дзе адбываюцца
катаваньні.
Міхалевіч паведаміў, што яго прымушалі зачытаць на камэру заяву з асуджэньнем
падзеяў 19 сьнежня.
"Хтосьці павінен спыніць гэты канцлягер", — заявіў Міхалевіч.
Палітык таксама паведаміў, што выслаў у пракуратуру заяву пра катаваньні,
якія адбываюцца ў турме КДБ. Акрамя пракуратуры, ён падае заяву ў Камітэт па катаваньнях ААН. Палітык таксама ня выключыў, што сёньня яго зноў арыштуюць.
"Я зраблю ўсё магчымае, каб зьнік канцлягер у цэнтры Менску", — заявіў
былы кандыдат на прэзыдэнта.
Міхалевіч паведаміў, як яго катавалі ў турме КДБ:
Ставілі на расьцяжку ў кайданках;
Выводзілі на холад;
Прымушалі стаяць ля сьцяны па 40 хвілін;
Не выключалі электрычнае сьвятло;
Падлогу ў камэры фарбавалі фарбай на ацэтоне, прымушалі вязьняў дыхаць;
Утрымлівалі ў перапоўненай камэры;
Не дапускалі адвакатаў;
Дапытвалі без адвакатаў.
"Гэта ўсё робіцца адмыслова, каб зламаць апазыцыйных лідэраў", —
заявіў Міхалевіч.
"Умова майго вызваленьня — падпісаньне дамовы пра супрацоўніцтва з КДБ. Я
сьвядома пайшоў на гэты крок. Гэта было прадыктавана ня ціскам і не
катаваньнямі, а жаданьнем данесьці інфармацыю пра тое, што адбываецца са
зьняволенымі. Я адкрыта заяўляю, што ніколі ня быў і ня буду агентам КДБ. Сваёй
публічнай заявай здымаю зь сябе адказнасьць, якая была пазначана ў
паперы", — заявіў Міхалевіч.
Алеся Міхалевіча вызвалілі з турмы КДБ 19 лютага.