viasna on patreon

Замест кветак - афіцыйнае папярэджанне

2011 2011-02-15T15:27:36+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/193logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тацяна Шамбалава атрымала папярэджане па двух артыкулах крымінальнага кодэксу - 193.1 і 293 КК РБ.

Сёння Тацяна Шамбалава, давераная асоба былога кандыдата Віталя Рымашэўскага на прэзідэнцкіх выбарах, наведала УКГБ па Магілёўскай вобласці, дзе з ёй была праведзена прафілактычная гутарка. Таксама супрацоўнікі КДБ уручылі актывісцы афіцыйную паперу аб вынясенні ёй папярэджання па арт. 193.1 КК РБ за удзел у незарэгістраванай партыі БХД і ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 19 снежня. Як адзначана ў дакуменце, Т.Шамбалава з 9 лютага  пастаўлена на прафілактычны ўлік. 

Пры гэтым, па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, пэўная адліга, якая назіралася раней, скончылася: яму адмовілі прысутнічаць пры правядзенні гутаркі ў якасці грамадскага прадстаўніка.

Афіцыйную позву Т. Шамбалава атрымала ўчора ўвечары. Дзеля гэтага старэйшы оперупаўнаважаны Андрэй Алегавіч Махуноў, які сёння праводзіў гутарку, не паленаваўся прыехаць да Тацяны дадому, каб асабіста ўручыць ёй позву. Тацяна пажартавала: "А што гэта вы ў Дзень Святога Валянціна прыехалі да дзяўчыны без кветак?". Супрацоўнік спецслужбаў усміхнуўся і паабацаў на наступны дзень рэабілітавацца.  Сёння А.А.Махуноў уручыў Тацяне афіцыйную пастанову, са словамі: "Гэта вам замест кветак".

Магіляўчанка была затрыманая падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня і асуджана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбывала ў ІЧУ Менскага раёну.Увесь тэрмін зняволення актывістка трымала галадоўку. Вызваліўшыся, яна абскардзіла свой арышт, аднак на суд патрапіць не змагла, паколькі позва з Менгарсуду прыйшла толькі тады, калі разгляд скаргі ў ім ужо адбыўся.

З адказу на сваю дадатковую скаргу на імя начальніка ІЧУ, наконт яе галадоўкі і выстаўленага ёй гэтай установай грашовага рахунка, Т.Шамбалава даведалася, што аплаціць утрыманне ў ІЧУ яна павінна таму, што яе “кармілі тры разы на день” за кошт дзяржавы.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства