viasna on patreon

Пракуратура “дасціпна” выйшла з сітуацыі

2011 2011-02-11T13:37:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/henprakuratura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“За перыяд з 24 па 29 снежня 2010 г. у кнігу заўвагаў і прапановаў асобамі, якія ўтрымліваліся ў ЦІП, унесена восем падзякаў на адрас адміністрацыі і супрацоўнікаў установы”, - на гэтым акцэнтуецца менская гарадская пракуратура ў адказе жыхару сталіцы Сяргею Пякарчыку. Ён быў затрыманы 19 снежня ў раёне плошчы Незалежнасці і абскарджваў парушэнні сваіх законных правоў і інтарэсаў супрацоўнікамі міліцыі, у тым ліку і падчас адбыцця адміністратыўнага арышту ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна.

“Праверкай устаноўлена, што выкладзеныя ў звароце довады, у прыватнасці аб невыкананні ў камеры ЦІП санітарных умоваў, устаноўленых нормаў плошчы на аднаго чалавека, нявыдачы кіпячонай вады не знайшлі свайго аб’ектыўнага пацверджання”, - гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка пракурора Менска В.М. Мацэля.

Аднак далей намеснік гарадскога пракурора паведамляе – і выглядае гэта як апраўданне за нясціплую хвальбу падзякамі перад чалавекам, які адчуў на сабе ўсю “прывабнасць” умоваў утрымання – што “у цяперашні час кіраўніцтвам ГУУС Менгарвыканкама прымаюцца неабходныя меры да забеспячэння адміністратыўна арыштаваных і адміністратыўна затрыманых спальнымі месцамі са спальнай бялізнай, абсталявання тэрыторыі ўстановы дворыкамі для прагулак, таксафонамі, а камераў – сталамі, лаўкамі і тумбачкамі”.

А пакуль святла ў тунелі яшчэ не бачна, да месца будзе ўзгадаць той факт, што на сённяшні дзень беларускія ізалятары часовага ўтрымання па адсутнасці прасцейшых рэчаў – вентыляцыі, спальных месцаў, спальнай бялізны і т.п. – далёка наперадзе ў параўнанні нават з расійскімі. Гэта адзначыў сябра праўлення міжнароднага праваабарончага аб’яднання “Мемарыял” Ігар Сажын, прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Менску. “Я вельмі часта бываю ў турмах як сябра грамадска-назіральнай камісіі Рэспублікі Комі, - адзначыў сп.Сажын, - і магу адзначыць, што ў нас у гэтых адносінах палепей, чым у вас”. Між іншым, беларускія праваабаронцы на сённяшні дзень увогуле не дапускаюцца да назірання за ўстановамі закрытага тыпу.  

Не атрымаў Сяргей Пякарчык ад пракуратуры і сутнаснага адказу наконт акалічнасцяў разгляду яго адміністратыўнай справы ў судзе і незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі падчас затрымання. “Ваша скарга, у частцы неналежных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні Вас на пл.Незалежнасці ў г. Менску і дастаўцы ў ІЧУ (ЦІП), 21 студзеня 2011г. накіравана на разгляд у ГУУС Менгарвыканкама”, - паведаміла пракуратура.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства