АБСЕ плануе накіраваць у Мінск місію БДІПЧ
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе плануе накіраваць у Мінск місію Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.
Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аўдронюс Ажубаліс, міністр замежных спраў Літвы, якая старшынствуе ў АБСЕ.
«АБСЕ — гэта такая арганізацыя, як вы ведаеце, над якой некаторыя кпяць, гэта праўда, таму што няма ні танкаў, няма эканамічных санкцый, — сказаў Ажубаліс. — Яна больш мае маральнае ўздзеянне. У нас ёсць, праўда, такая зброя, як <…> БДІПЧ».
«Вельмі многія аўтакраты яе лаюць, але ў прынцыпе ніхто не спрачаецца з высновамі. І вось наколькі, паглядзім цяпер, афіцыйна Мінск будзе працаваць з гэтай арганізацыяй. <…>
Я маю на ўвазе маніторынг сітуацыі, мы маем намер надзяліць БДІПЧ, каб ён ехаў. Паглядзім. З іншага боку, вядома, закрыццё місіі АБСЕ — гэта знак, што на гэтым этапе Беларусь ідзе ў сябеізаляцыю, калі можна так сказаць», — заявіў кіраўнік літоўскай дыпламатыі.
Ажубаліс адзначыў, што Літва як член ЕС далучылася да палітычных санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска. «Калі вы ведаеце, у высновах ёсць вельмі сур’ёзны стыль, не стыль, але тое, што калі сітуацыя будзе пагаршацца, мы будзем гаварыць пра эканамічныя санкцыі. Амерыканцы ўжо прынялі», — сказаў міністр.
На яго думку, калі б «санкцыі і толькі санкцыі» давалі вынік, напэўна, больш у свеце «такіх дыктатур, аўтакратаў» не было. «Гэта толькі дапаможнае пытанне, але галоўнае — ніхто не зробіць перамен у краіне, за выключэннем саміх людзей. Ніхто. Гэта тут беларусы, вядома, найперш вось гэтая моладзь, якая вучыцца, дзве тысячы студэнтаў у вільнюскім гуманітарным еўрапейскім універсітэце, які адзіны ўніверсітэт у выгнанні ў Еўропе, вось гэтыя людзі павінны дапамагчы самі сабе», — падкрэсліў Ажубаліс.
Місія БДІПЧ АБСЕ займалася назіраннем на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі і прыйшла да высновы, што яны не адпавядалі дэмакратычным стандартам.