На 10 сутак арыштаваны карэспандэнт "Бобруйского курьера" Яўген Васьковіч
У Магілёве 17 студзеня на 10 сутак арыштаваны 19-гадовы карэспандэнт газеты "Бобруйский курьер", сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Яўген Васьковіч. У гэты ж дзень па адрасе яго бабруйскай прапіскі быў праведзены вобыск, паведамляе сайт выдання.
У Магілёве Васьковіч знаходзіўся на сесіі, жыў на арандаванай кватэры. 17 студзеня ён павінен быў здаваць экзамен. "У 6.00 яго маці, хвалюючыся, каб ён не праспаў, разбудзіла яго па мабільным тэлефоне. А калі патэлефанавала праз паўгадзіны — тэлефон Жэні ўжо не адказваў. Днём маці журналіста патэлефанавалі на мабільны тэлефон з праваахоўных органаў і праінфармавалі, што яе сын арыштаваны на 10 сутак за хуліганства, быццам учыненае ім 16 снежня 2010 г. у Бабруйску", — адзначаецца ў паведамленні.
У той перыяд, паводле звестак выдання, Васьковіч ажыццяўляў назіранне за выбарамі на некалькіх бабруйскіх участках.
Васьковіч, які з'яўляецца таксама актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", быў затрыманы 19 снежня ў Мінску як удзельнік акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці і прыгавораны да 12 сутак.
11 студзеня яго выклікалі на гутарку ў магілёўскае УКДБ і "прапанавалі падпісаць дакумент з абяцаннем у далейшым не ўдзельнічаць у падобных акцыях". "Як паведаміў потым сам журналіст, гэты дакумент ён падпісаў толькі пасля таго, як апошні пункт памянялі на сцвярджэнне, што ён і далей будзе браць удзел у мірных акцыях, бо гэта яго грамадзянская пазіцыя і канстытуцыйнае права. Магчыма, гэта і стала прычынай другога арышту журналіста і грамадзянскага актывіста. У якасці помсты", — піша "Бобруйский курьер".