У Швэцыі пратэстуюць супраць рэпрэсій у Беларусі
Праваабарончыя і пісьменьніцкія арганізацыі
Швэцыі аб'ядналіся дзеля пратэсту супраць разгортваньня рэпрэсіяў у Беларусі.
Сёньня яны зьбіраюцца правесьці мітынг пратэсту ля будынку амбасады Беларусі ў
Стакгольме.
Ліст амбасадару Беларусі ў Швэцыі падпісалі:
Лісэ Бэрг, Генэральны сакратар "Міжнароднай Амністыі", Швэцыя, Яніна
Арлоў, Старшыня Балтыйскай Асацыяцыя Пісьменьнікаў, Ульрыка Кнутсан, Старшыня
Швэдзкага Клюба Публіцыстаў, Эспэр Бэнгтсан, Старшыня арганізацыі
"Рэпартэры бязь межаў" у Швэцыі, Матс Сёдэрлунд, Старшыня Саюза
пісьменьнікаў Швэцыі, Агнэта Ліндблум Хультэн, Старшыня Швэдзкага Саюзу
журналістаў, Ула Ларсма, Старшыня Швэдзкага ПЭН-цэнтру.
У іх супольным звароце да беларускіх уладаў зазначаецца:
"Цягам апошніх тыдняў мы зь вялікай занепакоенасьцю сочым за разьвіцьцём
падзей у Беларусі. У якасьці сябра ААН Беларусь ратыфікавала Ўсеагульную
дэклярацыю правоў чалавека і Канвэнцыю ААН аб грамадзянскіх і палітычных
правах. Гэтыя правы – аснова дэмакратычнага грамадзтва, і яны парушаюцца сёньня
ў Беларусі сыстэматычна. Беларусь афіцыйна вызначае сябе як дэмакратычная
дзяржава, але тое, як прадстаўнікі дзяржавы ставяцца да тых, хто выкарыстоўвае
сваё законнае права на свабоду слова і меркаваньняў – дысыдэнтаў, пісьменьнікаў,
журналістаў, праваабаронцаў, грамадзян краіны ўвогуле – немагчыма зьвязаць з
дэмакратычным дзяржаўным ладам і прынятымі Беларусьсю абавязацельствамі
паважаць правы чалавека.
Мы пратэстуем супраць масавых арыштаў і турэмных пакараньняў мірных
дэманстрантаў, у тым ліку вялікай групы журналістаў, якія асьвятлялі
дэманстрацыю ў Менску 19 сьнежня, а таксама супраць таго, што некаторыя з гэтых
журналістаў рызыкуюць быць абвінавачанымі, ці ўжо абвінавачаныя ў крымінальных
злачынствах.
Мы пратэстуем супраць таго, як улады абыходзяцца з апазыцыйным кандыдатам у
прэзыдэнты і былым старшынём Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімерам Някляевым,
якога зьбілі проста на вуліцы, а потым арыштавалі і вывезьлі са шпіталя, куды
ён трапіў пасьля зьбіцьця з чэрапна-мазгавой траўмай. Згодна з інфармацыяй з
бліжэйшага атачэньня Ўладзімера Някляева, ягонае здароўе ў зьняволеньні
пагоршылася і яго жыцьцё ў небясьпецы.
Мы асуджаем перасьлед у дачыненьні да незалежных арганізацый – як тыя
ператрусы, што адбыліся ў памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру і на прыватнай
кватэры намесьніка старшыні гэтай арганізацыі. Вышэйпрыведзеныя прыклады
павінны разглядацца як сьведчаньне кірунку разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў
Беларусі. Беларуская дзяржава паказвае сёньня стаўленьне да сваіх грамадзян,
якое, як падавалася, засталося ў мінулым.
Мы патрабуем ад кіраўніцтва Беларусі павагі да правоў чалавека і дэмакратыі, да
грунтоўных асноў якой належаць свабода слова і сходаў. Мы патрабуем
неадкладнага вызваленьня ўсіх журналістаў, праваабаронцаў і іншых
дэманстрантаў, якія былі пазбаўленыя волі за тое, што скарысталіся сваім правам
на мірныя дэманстрацыі і свабоду слова і меркаваньняў".