Ператрус у журналіста «Белсата» Алеся Баразенкі
Гэтым разам следчыя прыйшлі на здымную кватэру тэлеаператара «Белсату» Алеся Баразенкі. Пра ператрус у кватэры Алесь паспеў паведаміць афіцыйнаму прадстаўніку «Белсату» на Беларусі Міхасю Янчуку.
Па словах спадара Янчука, ператрус у Баразенкі пачаўся, а 6-й раніцы і доўжыўся каля двух гадзін.
«Пасля ператрусу, падчас якога ў Алеся канфіскавалі ноўтбук яго дзяўчыны, журналіста павезлі на допыт на вуліцу Сапёраў, 7, адкуль ён паспеў даслаць СМС з просьбай аб адвакаце», — паведаміў БАЖ Міхась Янчук.
аксама ў кватэры журналіста канфіскавалі транспарант «Дзе мама Колі?».
Некалькі гадзінаў сувязі з Алесям Баразенкам не было, але, як і абяцалі яго адвакату, пасля допыту журналіст выйшаў на волю.
Нагадаем, што Баразенку ўжо затрымлівалі 21 снежня мінулага года на выхадзе з ўласнай хаты. Баразенка даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёна, дзе спраўдзілі пашпарт і адпусцілі.
Сам Міхась Янчук таксама чакае сустрэчы са следчымі. Яго ўжо запрашалі на размову ў КДБ, але прадстаўнік «Белсату» запатрабаваў афіцыйнай позвы.
«Зараз вось сяджу чакаю, бо, як вядома, замест позвы, яны прыносяць на хату ператрус», — жартуе спадар Янчук.