Рэпрэсіі ў Беларусі адсочвае міжнародны камітэт
У Менску пачаў працу Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Утварыць яго пастанавіла кааліцыя няўрадавых арганізацый краін АБСЭ 27 сьнежня 2010 года.
"Падставай
для гэтага паслужылі бесьперапынныя паведамленьні пра грубыя і
сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў поствыбарнай Беларусі; у тым
ліку — права на свабоду ад катаваньняў, бесчалавечнага і зьневажальнага
для чалавечай годнасьці абыходжаньня, на справядлівы і бесстароньні суд,
свабоду сходаў, асацыяцый, свабоду выказваньня думкі".
Цяпер у
Камітэт уваходзіць каля 30 міжнародных арганізацый, сярод іх:
Міжнародная грамадзянская ініцыятыва для АБСЭ (ICI OSCE), Маскоўская
Хэльсынкская група — МХГ (Расія), Міжнародная сетка "Свабода,
законнасьць і правы ў Эўропе" (FLARE), Міжнародны моладзевы
праваабарончы рух (МПД).
Прынята прынцыповае рашэньне, што
беларускія арганізацыі ня будуць уваходзіць у склад Камітэту. Як заявіў
экспэрт Маскоўскай Хельсынскай групы Андрэй Юроў, у гэтым праяўляецца
імкненьне захаваць нэўтралітэт місіі ў адносінах да палітычнай сытуацыі.
Камітэт
зоймецца маніторынгам і кантролем выкананьня фундамэнтальных правоў
чалавека, становішча праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый у
краіне. Будзе арганізавана назіраньне як за дзейнасьцю ўладаў у выпадку
парушэньня імі правоў чалавека, так і за магчымымі дзеяньнямі
радыкальных грамадзкіх груп, якія могуць стварыць пагрозы іх выкананьню.
Таксама
Камітэт будзе выпрацоўваць рэкамэндацыі, як нармалізаваць сытуацыю ў
краіне і прывесьці яе ў дакладную адпаведнасьць з унутранымі нормамі і
міжнароднымі абавязаньнямі, узятымі на сябе ўрадам Беларусі, для
нацыянальных органаў улады і наднацыянальных структураў", —
паведамляецца ў прэсавым рэлізе арганізацыі.
Для працы на
тэрыторыі Рэспублікі Беларусь Камітэт сфармаваў доўгатэрміновую
Міжнародную назіральную місію, куды ўваходзяць супрацоўнікі
праваабарончых арганізацый з розных краін прасторы АБСЭ, міжнародных
арганізацый, а таксама незалежныя экспэрты.