У БАЖ прыйшоў чарговы «трывожны» ліст з Мінюсту
Міністэрства цікавіць, хто з журналістаў, за якіх публічна заступаецца арганізацыя, з’яўляюцца яе сябрамі.
Гаворка ідзе пра зварот БАЖ да міністра юстыцыі, міністра ўнутраных спраў і генеральнага пракурора з просьбай звярнуць увагу на парушэнні правоў журналістаў і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Нагадаем, што афіцыйныя лісты згаданым афіцыйным асобам арганізацыя накіравала 24 снежня.
«На зварот аб узнаўленні законнасці ў краіне міністэрства адрэагавала чарговым “трывожным” лістом, які, відавочна, мае на ўвазе нейкія наступствы для арганізацыі», — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
Нагадаем, што 21 снежня Мінюст таксама запатрабаваў у БАЖ тлумачэнняў – адносна папярэдняй заявы арганізацыі з нагоды падзеяў 19 снежня. Тады міністэрства цікавілася, на якой падставе БАЖ уступіўся не толькі за пацярпелых журналістаў, але і за «грамадскіх актывістаў».
«Адметна, што сёння Мінюст зрабіў “выпад” не толькі ў бок БАЖ, але і ў бок адвакатаў, што абараняюць арыштаваных 19-20 снежня», — заўважае Андрэй Бастунец.
29 снежня Міністэрства юстыцыі заявіла, што асобныя адвакаты «злоўжываюць сваім правам на абарону іншых асоб», дапускаюць грубыя парушэнні правілаў дзейнага заканадаўства і прафесійнай этыкі адваката і тэндэнцыйна падаюць інфармацыю пра працу праваахоўных органаў. З гэтай нагоды міністэрства ўнесла «прадстаўленне» кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў і запатрабавала неадкладна паўплываць на сітуацыю, а цяпер праводзіць праверку і абяцае зрабіць «прадугледжаныя заканадаўствам захады».