Мінюст узяўся за Беларускі Хельсінкскі камітэт
Міністэрства юстыцыі даслаў ліст у праваабарончую арганізацыю "Беларускі Хельсінкскі камітэт". Чыноўнікі патрабуюць адказаць, ці прымала рада арганізацыі рашэнне прымаць удзел у акцыі 19 снежня.
Нагодай стаў той факт, што кіраўніка БХК Алега Гулака затрымалі каля Плошчы Незалежнасці пасля акцыі. Цяпер Мінюст да 28 снежня чакае адказу.
У каментары Еўрарадыё Алег Гулак адзначыў, што нават яго затрыманне каля Плошчы Незалежнасці не пацвярджае факт удзелу ў акцыі. Яно мусіць пацвярджацца іншымі спосабамі. На думку Гулака, складаецца ўражанне, што ўсе дзяржорганы кінуліся цяпер паказваць сваю лаяльнасьць і гатоўнасьць служыць прэзідэнту не толькі верай і праўдай, але троху па-за патрабаваннямі закону.
Што тычыцца запыту Мінюсту, кажа праваабаронца, то БХК у адпаведнасці са сваім статутам вядзе маніторынг за парушэннямі правоў чалавека ў нашай краіне. І менавіта ў рамках гэтага маніторынгу прадстаўнікі БХК назіралі за акцыяй 19 снежня. На жаль, адзначае Гулак, прадстаўнікі праваахоўных органаў перашкаджалі весці маніторынг.