viasna on patreon

Правы чалавека ў развагах і праграмах прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду

2010 2010-10-28T19:08:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/humanrights.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Якую ўвагу Вы будзеце ўдзяляць абароне правоў чалавека, калі прыйдзеце да ўлады? Ці падтрымліваеце Вы ўвядзенне ў Беларусі інстытута ўпаўнаважанага (амбудсмэна) па правах чалавека? Такія пытанні “Праваабаронцы за свабодныя выбары” задалі прэтэндэнтам у кандыдаты, да якіх змаглі датэлефанавацца. І вось што з гэтага атрымалася.

 

Я.Раманчук: “Трэба раўняцца на СЕ, АБСЕ ды іншыя еўрапейскія структуры”

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук абарону правоў чалавека найперш разглядае праз прызму агульнанацыянальнага рэферэндуму, які будзе праведзены ў выпадку прыходу яго да ўлады: “Як толькі я станаўлюся прэзідэнтам, адразу праводжу рэферрэндум аб змене Канстытуцыі, якая павінна будзе РЭАЛЬНА раздзяліць паўнамоўцтвы ўладаў. І гэта стане платформай для правядзення рэформаў у многіх абласцях нашага жыцця – палітычнага, эканамічнага і г.д.”.

Праўда, Раманчук сцвярджае, што гэтыя змены ідуць не асобна ад абароны правоў чалавека, а фактычна на аснове гэтай абароны: “Якія могуць быць рэформы без гарантаванага права на свабоду слова ці права на правядзенне сходаў, ці права  на веравызнанне? Я ўжо не кажу пра святое права ўласнасці. Правы і свабоды чалавека ў такім рэфармаванні ўспрымаюцца па ўмаўчанню. І гэта стане цалкам магчымым, калі мы сваю Канстытуцыю падгонім пад існуючыя стандарты вядучых еўрапейскіх структур: Савета Еўропы, АБСЕ і гэтак далей”.

Яраслаў Раманчук лічыць, што сам Інстытут амбудсмэна ці ўпаўнаважанага па правах чалавека павінен фарміраваць парламент, як гэта і робіцца ў абсалютнай большасці еўрапейскіх краін: “Нам тут будзе вельмі дарэчы скарыстаць досвед асабліва краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў тым, як найлепш выбіраць амбудсмэна, на якія грошы павінны існаваць гэты інстытут і г.д. Мяркую, што ад гэтага мы толькі вы выйграем”.

 

М.Статкевіч: “Нават дэкаратыўны амбудсмэн – гэта няблага”

Лідэр арганізацыйнага камітэта па стварэнню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч безумоўна падтрымлівае ўвядзенне ў нашай краіне інстытута ўпаўнаважанага (амбудсмэна) па правах чалавека: “У тым, што нейкі чалавек будзе атрымлівать грошы за тое, што ён будзе абараняць правы чалавека ў Беларусі, я нічога дрэннага не бачу.Канечне, у ідэале, упаўнаважанага па правах чалавека павінен прызначаць дэмакратычна абраны парламент, а не аўтарытарны кіраўнік дзяржавы.Але нават, калі такі інстытут раптам узнікне па волі апошняга, то ў гэтым таксама могуць з’явіцца пэўныя плюсы. Зразумела, што пры такім раскладзе наш амбудсмэн стане валодаць, хутчэй за ўсё, дэкаратыўнымі функцыямі. Але ён усё роўна будзе павінен рэагаваць на найбольш абуральныя выпадкі парушэння правоў чалавека. І гэта, я перакананы, будзе ахалоджваць некаторых нашых сілавікоў ці чыноўнікоў, якія дагэтуль бачаць у апазіцыянерах выключна ворагаў народа”. Саму ж абарону правоў чалавека прэтэндэнт у кандыдаты лічыць вельмі важнай і сур’езнай справай.

 

В. Рымашэўскі: “Чалавечая асоба – найвышэйшая каштоўнасць”

Адзін з лідэраў у чарговы раз незарэгістраванай Міністэрствам юстыцыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі прызнаўся, што “безумоўна падтрымлівае ўвядзенне ў Беларусі інстытута ўпаўнаважанага (амбудсмэна) па правах чалавека”. Па прызнанню маладога палітыка, такі інстытут павінен уяўляць сабой нешта кшталту грамадскага камітэту, які па сваей незалежнасці стане максімальна набліжаным да судовай сістэмы і не будзе залежаць ні ад выканаўчай, ні ад заканадаўчай сістэмы.

Увогуле, В.Рымашэўскі перакананы, што абарона правоў чалавека ў нашай краіне – “гэта першаснае пытанне”: “Чалавечая асоба ўяўляе сабой найвышэйшую каштоўнасць на Зямлі і таму патрабуе пільнай увагі і абароны. На дадзены момант такой абароны дзяржава прадаставіць не можа. Таму найпершым пытаннем, якім мы будзем займацца, калі прыйдзем да ўлады, -- гэта менавіта абарона правоў кожнага чалавека”.

 

Ю.Глушакоў: “Галоўнае – потым выканаць заяўленае”

Намеснік старшыні партыі “Зяленыя” Юрый Глушакоў лічыць, што інстытут амбудсмэна павінны быць абсалютны незалежны: “Думаю, нам патрэбны агульнанацыянальны корпус амбудсмэнаў. І іх трэба выбіраць не толькі на рэспубліканскім, але і на рэгіянальным узроўні –  напрыклад, як дадатак да парламенцкіх выбараў. Менавіта такі корпус здолее вырашыць вельмі сур’езныя задачы, якія цяпер стаяць перад краінай сёння”.

Ю.Глушакоў катэгарычна выключае нават саму магчымасць прызначэння ўпаўнаважанага па правах чалавека выканаўчай уладай: “Я ўвогуле выступаю за адмену прэзідэнцтва ў Беларусі, і лічу, што нам трэба абараніць правы беларусаў у самых разных галінах – права на працу, права на ахову здароўя, права на адпачынак і г.д. У многіх кандыдатаў у прэзідэнты вельмі шмат ліберальных палажэнняў, якія гэтыя правы не вельмі ўлічваюць, што недапушчальна ў сённяшняй сітуацыі, якая склалася ў Беларусі”.

Сам  Юрый Глушакоў дагэтуль з’яўляецца членам Беларускага Хельсінкскага Камітэта і прымае даволі актыўны ўдзел у працы гэтай праваабарончай арганізацыі. А пачынаў сваю палітычную дзейнасць Ю. Глушакоў з членства ў “Саюзе абароны правоў чалавека”, які існаваў у 90-ыя гады ў Гомелі: “Мы тады былі рамантыкамі і верылі, што людзі, якія абяцаюць на гэты раз “светлую будучыню”, стрымаюць свае слова. Але атрымалася наадварот. Што заўгодна , але правы нашым людзям тады не дасталіся”.

Дарэчы, у перадвыбарчай праграме Глушакова (пэўна, адзінага з усіх прэтэндуючых на прэзідэнцтва) ёсць дакладна прапісанае палажэнне аб увядзенні інстытута амбудсмэна ў Беларусі ў выпадку прыходу яго да ўлады.

Праўда, сам ён на гэта кажа так: “Я разумею, што ў праграмах запісаць можна ўсе, што заўгодна. Галоўнае, каб потым выканаць заяўленае. Для мяне абарона правоў чалавека – адзін з галоўных прыярытэтаў у маей палітычнай дзейнасці”.

 

Д.Ус: “Спачатку рэформа выбарчай сістэмы, а потым абарона правоў чалавека”

Прадпрымальнік Дзмітрый Ус апынуўся ў палітыцы пасля таго, як балатаваўся ў дэпутаты мясцовых Саветаў у гэтым годзе. Менавіта тады ён, па ягоных словах, на сваей скуры зведаў, што сабой уяўляюць правы чалавека ў нашай краіне. За яго вылучэнне кандыдатам у дэпутаты падпісалася 5 тысяч чалавек, а ў выніковым пратаколе галасавання аказалася, што за Дзмітрыя Уса прагаласавала ў два разы менш, чым падпісалася. Пасля гэтага выпадку Ус і вырашыў змагацца за справядлівыя выбары. Таму абарону правоў чалавека ён найперш звязвае з рэфармаваннем выбарчай сістэмы краіны: “Ні пра якія правы чалавека гаварыць не мае сэнсу ў нашай краіне, пакуль не рэфармаваная выбарчая сістэма, пакуль дэпутаты прызначаюцца выканкамамі ці яшчэ кім. На выбарах галоўнымі дзеючымі асобамі павінны быць выбаршчыкі, а не нехта іншы. Разбярэмся з выбарчай сістэмай, можна будзе потым пачынаць гаварыць і пра ўдаскальванне сістэмы абароны правоў чалавека. Спачатку трэба забяспечыць кожнаму чалавеку рэалізацыю свайго права на выбар свайго дэпутата ці прэзідэнта”.

 

А.Міхалевіч: “Трэба абараняць правы і інвалідаў, і бяздомных жывелін”

Палітык, дырэктар Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Алесь Міхалевіч прызнаецца, што падтрымлівае ўвядзенне ў нашай краіне інстытута ўпаўнаважанага (амбудсмэна) па правах чалавека: “Канечне, я выступаю за з’яўленне такога інстытута ў Беларусі. У нашай Канстытуцыі павінны быць прапісаны парадак існавання і функцыянавання такой структуры”.

Алесь Міхалевіч кажа, што правы чалавека непасрэдна прысутнічаюць у апошнім з трох асноўных пунктаў яго перадвыбарчай праграмы, які назваецца “Актыўнае грамадства”: “Без абароны правоў чалавека чалавек не можа быць паўнавартасна актыўным. Тут гаворка ідзе і пра абарону ад кантрактнай сістэмы, і ўвогуле абарону правоў працоўных”.

Прыярытэты пасля магчымага прыходу да ўлады Алеся Міхалевіча выглядаюць наступным чынам: “Для мяне важнейшым з’яўляецца эканамічнае рэфармаванне – людзі не павінны расчаравацца ў новай уладзе. Але разам з тым для мяне ўсё важна. І абарона правоў чалавека таксама. Прычым абарону правоў я разумею шырока – абараняць трэба правы і інвалідаў, і бяздомных жывелін. Менавіта тады мы станем цывілізаванай краінай”.

 

В.Цярэшчанка: “Без інстытута амбудсмэна нам не абыйціся”

Старшыня Савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка паведаміў, што, калі ён атрымае пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты, у яго перадвыбарчай праграме абавязкова з’явіцца раздел, прысвечаны абароне правоў чалавека: “У першую чаргу гэта, канечне, працоўныя пытанні, абарона чалавека працы. Асабліва нам трэба паклапаціцца пра малазабяспечаных людзей – старых і дзяцей”.

Віктар Цярэшчанка таксама выступае і за ўвядзенне інстытута амбудсмэна: “Мы нікуды ад гэтага не дзенемся. Гэта патрабаванні міжнароднага права. Калі мы хочам знаходзіцца ў нармальных стасунках з іншымі дзяржавамі, нашымі суседзямі, не трэцімі краінамі, то трэба пагаджацца на ўвядзенне такога інстытута. Нават калі цяпер не станем гэтага рабіць, то праз год-два такая неабходнасць перад намі паўстане вельмі востра. Адбываецца міграцыя насельніцтва, праз нас едуць вельмі шмат людзей розных нацыянальнасцяў і памкненняў. Зноў жа трэба ўлічваць тую акалічнасць, што мы знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы з Расійскай Федэрацыяй”.

Парадак увядзення інстытута ўпаўнаважанага (амбудсмэна) па правах чалавека Віктар Цярэшчанка бачыць наступным чынам: “Ад імя прэзідэнта ці ўрада павінна ісці ініцыятыва ў парламент, каб той і фарміраваў гэты інстытут. А ўвогуле правы чалавека я ўспрымаю ў шырокім сэнсе гэтага слова”. 

 

Што датычыць цяперашняга кіраўніка дзяржавы і прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла Аляксандра Лукашэнкі, то ў ягонай перадвыбарчай праграме ў 2001 годзе было абяцанне ўвесці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека. Прайшлі два прэзідэнцкія тэрміны з таго часу, а гэтае палажэнне праграмы А. Лукашэнкі так і засталося нявыкананым.

Свае ж бачанне абароны правоў чалавека дзеючы кіраўнік беларускай дзяржавы публічна выказваў неаднаразова. Так, год таму, падчас сустрэчы з літоўскімі журналістамі ён сказаў наступнае: “Вы, канечне, па-свойму разумееце правы чалавека. А я іх разумею класічна. Перш за ўсе: дэмас – народ, кратас – улада. Гэтым усё сказана. .. Вы не прымаеце нашых рэферэндумаў? Тады як улада можа з народам размаўляць, калі вы адмаўляеце такі дэмакратычны падыход, як рэферэндум і рашэнне пытанняў на рэферэндуме? Мы іх так вырашаем. Не ў парламенце, кулуарна. … Правы чалавека – гэта перш за ўсё, права на жыццё, права на годную працу, заробак, адукацыю, ахову здароўся, права атрымліваць інфармацыю”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства