Гародня: міліцыянты беспадстаўна затрымалі распаўсюдніка газеты “Новы Час”
У мінулую пятніцу гарадзенскія міліцыянты затрымалі актывіста АГП Дзьмітрыя Бандарчука, калі той нёс 200 асобнікаў афіцыйна зарэгістраванай і выдаванай газеты “Новы Час”. Газеты Дзьмітры Бандарчук атрымаў на аўтавакзале і нёс у сваю машыну, прыпаркаваную па вуліцы Будзённага, што знаходзіцца непадалёк. Па словах Бандарчука перад гэтым ён размаўляў са знаёмым праз тэлефон і казаў, што забярэ дасланую “рэч”. Тое, што здарылася пасьля, на думку грамадскага актывіста выразна сьведчыць пра факт, што адбываецца татальнае праслухоўваньне тэлефонных размоваў грамадска-палітычных актывістаў. Затрыманьне і вышук ажыцьцяўляла цэлая “опергрупа”, якая складалася з амапаўцаў і звычайных міліцыянтаў, а таксама чалавека з відэакамерай.
Увесь атрыманы наклад газеты быў забраны пасьля складаньня адпаведнага пратаколу, нягледзячы нават на тое, што ў Дзьмітрыя Бандарчука была на руках афіцыйная даведка з пячаткай, выданай рэдакцыяй, дзе было засьведчана, што ён з’яўляецца грамадскім распаўсюднікам газеты.